Будаўнікі часткова дэмантавалі будынак паравога млына, які зьяўляецца ўзорам прамысловай эклектыкі. Такіх збудаваньняў у Горадні ўсяго два.

Пра разбурэньне млына на вул. Васілька напрыканцы працоўнага дня паведаміў мясцовы жыхар, які даведаўся пра абаронцаў Горадні з улёткі.

Паводле словаў аднаго зь ініцыятараў правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму журналіста Алеся Залеўскага, за 15 хвілінаў на месца руйнаваньня зьвілася каля дзясятака чалавек. З сабой яны мелі расьцяжку «Не губіце Горадню». Будаўнікі на пытаньне, што яны зьбіраюцца тут рабіць, адказалі: «Будзем валіць млын, як нам і загадалі». На той момант каля траціны будынку ўжо было разбурана. Потым працоўны дзень скончыўся і будаўнічую тэхніку ад будынку млына адагналі. Абаронцы гораду абяцаюць працягваць вахту побач з будынкамі, заплянаванымі пад знос.

Гарадзенскі гісторык Янка Лялевіч распавёў пра новую ахвяру рэканструкцыі. Паравы млын на Васілька быў абудаваны напрыканцы ХІХ ст. — верагодна ў пэрыяд ад 1890 па 1916 гг. Млын ўяўляе сабою характэрны ўзор прамысловай эклектыкі. Будынак вышыною каля 5 паверхаў. Акрамя яго ў Горадні ёсьць яшчэ адзін падобны будынак на вул. Будзённага.

Краязнавец Ігар Лапеха кажа, што ўладам удалося падмануць грамадзтва праз афіцыйныя СМІ, у якіх вялося толькі пра рэканструкцыю будынка.




Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?