Надышоў пералом: з гэтага часу вайна можа развівацца па-рознаму. Масква яшчэ можа імкнуцца да поўнай перамогі. У разуменні Расіі перамога азначала б знішчэнне ўкраінскай арміі на левым беразе Дняпра і далучэнне да Расіі тэрыторый, якія яна называе Наваросіяй (Данбас і ўвесь поўдзень Украіны з Адэсай і, магчыма, Харкаўскай вобласцю). Пуцін таксама хоча, каб улада ў Кіеве развалілася, а тое, што застанецца ад Украіны, стала палітычна падпарадкавана Расіі.

На поўдні Украіны расіяне прыкладаюць вялікія намаганні для ўзмацнення акупацыі захопленай тэрыторыі, каб мець доступ да сухапутнага калідора на Крымскі паўвостраў, які яны захапілі яшчэ ў 2014 годзе. Расійская армія цяпер мае патрэбу ў мабілізацыі большай колькасці асабовага складу і ў перадыслакацыі старой тэхнікі са сваіх стратэгічных складоў на франты. Украінскім жа сілам пастаўляецца з заходніх краін больш новай, наступальнай ваеннай тэхнікі. Расійскі бок спрабуе сарваць гэтую дапамогу ракетнымі ўдарамі вялікай далёкасці. Аднак яму не хапае зброі з дакладным навядзеннем, каб мець магчымасць наносіць такія ракетныя ўдары па ўсёй Украіне.

Маскву, імаверна, задаволіла і больш абмежаваная перамога. Аднак яна разлічвае на кантроль над захопленымі тэрыторыямі Данбаса і над сухапутным калідорам у Крым. Зараз гэта акупаваныя тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны.

З іншага боку, для Украіны было б перамогай, калі б ёй удалося адціснуць расійскія войскі туды, дзе яны знаходзіліся да ўварвання 24 лютага.

Баі за Данбас

Ёсць шмат прыкмет таго, што вынік баявых дзеянняў на Данбасе можа стаць ключавым ваенным фактарам, які паўплывае на далейшы ход вайны ва Украіне — і, магчыма, на умовы яе завяршэння. З гэтага, аднак, не абавязкова вынікае, што перамога аднаго з бакоў на Данбасе будзе азначаць перамогу гэтага боку ва ўсім канфлікце. З пункту гледжання шырокай еўраатлантычнай бяспекі, перамога Расіі была б самым непажаданым вынікам вайны.

Сцэнар, у якім у гэтай бітве перамагае Расія, мог бы спраўдзіцца, калі б, напрыклад, заходняя зброя не даходзіла да ўкраінскіх войскаў праз Дняпро дастаткова хутка і ў дастатковай колькасці. Узброеныя сілы Украіны могуць быць акружаныя і знішчаныя ў Данбаскім катле, што прывядзе да захопу Расіяй тэрыторыі ўсёй Усходняй Украіны.

Сцэнар, у якім Расія перамагла

Калі б гэта адбылося, Расія, напэўна, не спынілася б на дасягнутым, і мы сталі б сведкамі далейшай эскалацыі вайны. У такім выпадку, пасля некалькіх тыдняў перагрупоўкі і падрыхтоўкі, Расія, верагодна, аднавіла б наступ на Адэсу і Прыднястроўе і, імаверна, павярнулася б супраць Кіева, каб канчаткова зрынуць украінскую дзяржаву. Пераможаная і тэрытарыяльна пасечаная Украіна павінна была б пераасэнсаваць сябе ў палітычным і арганізацыйным сэнсе. Яна непазбежна апынулася б у поўнай залежнасці ад Расіі.

Расія ў такім выпадку выйдзе з вайны мацнейшай і перамога заахвоціць яе больш жорстка супрацьстаяць Захаду. Расійскае грамадства, ахопленае эйфарыяй ваеннага трыумфу, аб'яднаўшыся, пераадолее эканамічныя цяжкасці, выкліканыя заходнімі санкцыямі.

Украіна больш не будзе стратэгічным і палітычным выклікам для Масквы. 

Параза Захаду паставіла б Расію ў лепшае стратэгічнае становішча ў адносінах з НАТА, чым яна ёсць сёння. Яна дамінавала б у Чорным моры, а стратэгічнае становішча Польшчы і краін Балтыі на ўсходнім флангу НАТА пагоршала б, нягледзячы на ​​ўступленне ў альянс Фінляндыі і Швецыі.

Расчараванне ЗША і небяспечны Кітай на заднім плане

Пры такім раскладзе Расія стала б яшчэ больш агрэсіўнай. Задачай Захаду было б знайсці эфектыўны адказ на гэтую стратэгію. У выніку ён стане больш успрымальны да расійскага ядзернага шантажу, чым зараз.

Працяглае супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам, якое некаторыя, у тым ліку і я, называюць Другой халоднай вайной, будзе развівацца бліжэйшыя гады ва ўмовах, куды больш неспрыяльных для Захаду, чым раней. Захад, які не змог эфектыўна адказаць на вайну Расіі з Украінай, выйдзе з гэтага выпрабавання геапалітычна аслабленым, унутрана расчараваным і палітычна падзеленым. Няўдача можа выклікаць глыбокі крызіс кіраўніцтва ў Заходняй Еўропе і прывесці да рэарганізацыі НАТА, асабліва ў пытаннях бяспекі.

Злучаныя Штаты могуць пачаць губляць цікавасць да падтрымкі бяспекі Еўропы. Сутыкнуўшыся з усім гэтым, у Кітая, несумненна, узнікне спакуса павялічыць свае выклікі у стасунках з Захадам і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Сцэнар, калі канфлікт зойдзе ў тупік

Другі варыянт прадугледжвае магчымасць завяршэння бітвы на Данбасе без відавочнага пераможцы. Зыходзячы з цяперашняга раскладу падзей, такі сцэнар у пэўнай ступені імаверны. Расійскае войска можа не здолець акружыць і знішчыць украінскае войска на Данбасе, а ўкраінцы не здолеюць адціснуць расіян на даваенныя пазіцыі. Натуральным наступствам такога тупіка можа стаць палітычны пошук умоў для прынамсі часовага перамір'я і пачатку мірных перамоваў з вызначанымі пасрэднікамі.

Такі сцэнар можа быць звязаны з увядзеннем міжнародных міратворчых сіл і міжнародных назіральнікаў у зону судакранання абедзвюх армій. З-за працягласці перамоўнага працэсу ён стане замарожаным канфліктам, як на Данбасе перад вайной — толькі на гэты раз у менш спрыяльных для Украіны абставінах. 

Аднак такога рашэння немагчыма было б дасягнуць хутка з-за нежадання бакоў яго прымаць. Па-першае, Расія можа аддаць перавагу рашэнню адказаць эскалацыяй на тупіковую сітуацыю, выкарыстоўваючы стратэгію павышэння ставак, якую яна ўжо выкарыстоўвала ва Украіне. Таксама невядома, ці пагодзіцца Украіна на часовае замарожванне вайны.

Сцэнар, пры якім Украіна здабыла абмежаваны поспех

Нарэшце, якімі маглі б быць наступствы перамогі Украіны ў бітве на Данбасе і хаця б частковага разгрому расійскіх войскаў у рэгіёне? Ці, што яшчэ больш радыкальна, аднаўленне Украінай пазіцый, якія нагадвалі б даваенны статус-кво? На жаль, гэта малаімаверны сцэнар, калі Захад будзе прытрымлівацца сваёй цяперашняй пасіўнай стратэгіі ў проксі-вайне з Расіяй.

Пасля разгрому на Данбасе Расія, напэўна, не змірыцца з паразай. Можна чакаць, што яна будзе настойліва змагацца за захаванне як мага большай часткі акупаванай тэрыторыі як на Данбасе, так і на поўдні краіны. Пры такім раскладзе рызыка эскалацыі вайны, у тым ліку з прымяненнем зброі масавага знішчэння, будзе найбольшай. На такія меры Масква магла б пайсці, каб не дапусціць страты акупаванага сухапутнага калідора ў Крым, то-бок Азоўскага ўзбярэжжа на марыупальска-херсонскім маршруце.

Гарантаваны сухапутны доступ да Крыма — гэта стратэгічна самае важнае пытанне для Расіі ў гэтай вайне, больш важнае, чым унутрыпалітычныя перавагі ад анексіі Данбасу. Можна нават выказаць здагадку, што Расія можа быць гатовая пайсці на саступкі па Данбасе, калі прайграе там бітву. Аднак для абароны калідора ў Крым яна будзе гатовая пайсці на самыя жорсткія меры, нават з выкарыстаннем ядзернай зброі.

Павышэнне ролі ядзернага стрымлівання

Параза Расіі ва Украіне стала бы доказам поўнай небаяздольнасці расійскага войска. Гэта мела б сур'ёзныя наступствы, павялічваючы ролю ядзернай зброі ў абароннай стратэгіі Расіі і яе пастаянным супрацьстаянні з Захадам. Другая халодная вайна стане больш арыентаванай на ядзерную зброю, чым першая, і спатрэбіцца сур'ёзны перагляд ядзернай стратэгіі НАТА, асабліва ў дачыненні да нестратэгічных сістэм ядзернай зброі.

Незалежна ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне, абавязкова наступіць змена палітыкі Еўраатлантычнага альянсу, асабліва ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Нічога ўжо не будзе як раней, і перыяд пасля халоднай вайны застанецца ў глыбокай памяці. Наступіць новы этап халоднай вайны паміж Расіяй і Захадам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера