РУП «Белмытнясэрвіс» зацверджана аператарам па вяртанні ПДК паводле сістэмы tax free.
Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 589 ад 5 ліпеня 2013 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Зацвердзіць названую арганізацыю, якая мае права на вяртанне падатку на дададзены кошт фізічным асобам, што не маюць пастаяннага месца жыхарства ў дзяржаве — члене Мытнага саюза», — гаворыцца ў пастанове.

1 студзеня 2013 года ў Беларусі пачала дзейнічаць сістэма tax free. Гэта азначае, што замежныя грамадзяне, якія наведалі краіну, могуць атрымаць суму ПДК паводле сістэмы tax free у пунктах пропуску, дзе знаходзяцца структурныя падраздзяленні банкаў. Мінімальны кошт пакупак пры вяртанні ПДК — 800 тысяч рублёў,
прычым тавар павінен быць набыты ў адным магазіне на працягу аднаго працоўнага дня.

Суму падатку вяртаць не будуць у тых выпадках, калі тавар у Беларусі вызвалены ад ПДК ці адносна яго прымяняецца паніжаная стаўка. Гэта, напрыклад, тычыцца харчовых тавараў, якія ў Беларусі абкладаюцца паніжанай стаўкай. Акрамя таго, не падлягае вяртанню ПДК на падакцызныя тавары (алкаголь, тытунь).

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытнясэрвіс» заснавана ў 1999 годзе.
Заснавальнікам з’яўляецца Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі. У склад прадпрыемства ўваходзяць шэсць рэгіянальных філіялаў, філіялы «Белмытняканвой» і «Белмытнявыд». РУП «Белмытнясэрвіс» з’яўляецца найбуйнейшым аператарам на рынку лагістычных паслуг Беларусі. Спецыялісты прадпрыемства працуюць ва ўсіх аўтадарожных пагранічных пунктах пропуску, у 36 унутраных пунктах мытнага афармлення больш як у 30 населеных пунктах Беларусі. Прадпрыемствам эксплуатуюцца 14 мытных тэрміналаў (Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Віцебск, Верхнядзвінск, Браслаў, Воранава, Мінск, Бабруйск, Маладзечна, Паставы), у тым ліку два транспартна-лагістычныя цэнтры «Брэст-Белмытнясэрвіс» і «Мінск-Белмытнясэрвіс».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?