Ужо некалькі дзён уся Беларусь гаворыць пра пратэсты супраць падатку на «дармаедаў».
Пачынаючы ад пятніцы, бадай на кожнай кухні ды ў кожным аўтобусе любога горада абмяркоўвалі мінскі Марш — ён сабраў тры тысячы ўдзельнікаў ды мільён праглядаў на Youtube за суткі.
Праз два дні, у нядзелю, да пратэстаў далучыліся абласныя гарады: амаль запоўнілі цэнтральную плошчу гамельчукі, сотні выйшлі ў Магілёве, сотні ў Гродне.
Што казаць, калі сход некалькіх тысяч і для сталіцы — Падзея, то для абласных гарадоў — звышпадзея.
У гэтай сітуацыі звяртае ўвагу, пра што пішуць дзяржаўныя «раёнкі» у момант, калі недзяржаўныя СМІ штогадзіну фіксуюць рэкорды наведвальнасці з рэгіянальных IP-адрасоў.
Так, у інфармацыйнай карціне дня сайта дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» не знайшлося месца артыкулу пра сацыяльны выбух у горадзе. Замест гэтага ў раздзеле навін з'явіліся паведамленні пра падрыў аўтамабіля ў самалійскім (!) Магадыша і пра арышт яхты расійскага мільярдэра ў Мадагаскары (!). У суполцы газеты «УКантакце» з'яўляліся допісы з коцікамі ў час, калі некалькі тысяч гамельчукоў мітынгавалі на плошчы.
Іншая газета — «Гомельскія ведамасці» — засцерагла чытачоў ад моцнага ветру ў панядзелак і заахвоціла прыняць удзел у конкурсе квіткоў на канцэрт «народных артыстаў Расіі».
Астатнія гомельскія дзяржаўныя выданні за выходныя публікацыямі ў інтэрнэце не адзначаліся.
Што да Магілёва, то ніводны сайт дзяржаўных газет пра шэсце незадаволеных трэцім дэкрэтам не напісаў, палічыўшы за лепшае навіны пра вынікі конкурсаў на лепшае каляднае аздабленне і дзіцячыя экскурсіі.
Аналагічнае маўчанне і на навінавых сайтах Гродна дазваляе зрабіць высновы, наколькі дзяржаўныя рэгіянальныя СМІ адлюстроўваюць інтарэсы грамадства, дзеля якога працуюць.
Дарэчы, калі браць буйныя сайты, то выгляд, быццам бы ў краіне нічога не адбываецца, рабіў толькі «Анлайнер» — «Белта» і «Советская Белоруссія» пра маршы нязгодных з эканамічнай палітыкай уладаў сцісла, але паведамілі.