Генеральны дырэктар прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» Марат Ігізбаеў — адзін з галоўных «стаханаўцаў» у плане даносаў. Фота: Радыё Свабода

Генеральны дырэктар прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» Марат Ігізбаеў — адзін з галоўных «стаханаўцаў» у плане даносаў. Фота: Радыё Свабода

З базы даносаў у КДБ, злітай Кіберпартызанамі, стала вядома, што прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» неаднаразова звярталася да гэтага органа. Найбольш адзначыўся генеральны дырэктар Марат Ігізбаеў.

Расійскае прадпрыемства займаецца вытворчасцю тэхнічнага вугляроду, які неабходны для вытворчасці шын, гуматэхнічных вырабаў і пластыкаў.

Завод у СЭЗ «Магілёў» запусціўся ў кастрычніку 2018 года. Ужо пасля першага пусканаладачнага запуску жыхары суседняга пасёлка Вейна пабачылі слой сажы на сваіх падваконнях.

Сажа на вокнах у Вейна. Фота: tut.by

Сажа на вокнах у Вейна. Фота: tut.by

У той дзень на трубе прадпрыемства было зафіксаванае перавышэнне нормы шкодных выкідаў у паветра больш як у 40 разоў. Аднак чыноўнікі адмаўлялі перавышэнне нормы ўтрымання цвёрдых часціц у населеных пунктах.

Магілёўскі актывіст Андрэй Бодзілеў распачаў кампанію «За здаровы Магілёў», патрабуючы правесці новую экалагічную экспертызу завода і выправіць парушэнні ў фільтрацыйных і ачышчальных збудаваннях вытворчасці.

Бодзілеў пісаў звароты ў дзяржаўныя органы і складаў петыцыі, звяртаючы ўвагу на неадпаведнасць тэхналагічным нормам, грубыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і пагрозу здароўю жыхароў. 

У ліпені 2019 года стала вядома, што Рэспубліканскі цэнтр экалагічнай экспертызы адмовіўся выдаваць заключэнне па павелічэнні магутнасці прадпрыемству па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».

Адміністрацыйны корпус завода «Омск Карбон Магілёў». Фота: Радыё Свабода

Адміністрацыйны корпус завода «Омск Карбон Магілёў». Фота: Радыё Свабода

Прадпрыемства з расійскім капіталам планавалі ўвесці ў эксплуатацыю ў чацвёртым квартале 2019 года. Да гэтай даты кіраўніцтва прадпрыемства пачало істэрычна шукаць управы на мясцовых актывістаў, выкарыстоўваючы розныя сродкі. 

24 ліпеня кампанія арганізавала сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ, Нацыянальнай акадэміі навук, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялагічных службаў, мясцовымі жыхарамі, каб выкрыць спробы «абсалютна беспадстаўна дыскрэдытаваць праект у цэлым у вачах не толькі грамадскасці, але і дзяржаўных органаў».

У канцы жніўня 2019 года ў ВК з’явілася суполка «Стабільны Магілёў», якая спачатку пазіцыянавалася як паблік з навінамі горада, але даволі хутка выявілася, што адзіная яе мэта — змагацца супраць экаактывістаў і абяляць завод «Омск Карбон Магілёў».

Марат Ігізбаеў на заводзе. Фота: Радыё Свабода

Марат Ігізбаеў на заводзе. Фота: Радыё Свабода

Прапагандысцкія ролікі супраць экаактывістаў, якія публікаваліся ў суполцы, былі добра змантаваныя, то-бок яўна зробленыя за грошы, а не на каленцы. Прагляды ролікаў накручваліся да дзясяткаў і соцень тысяч, хоць у суполцы не было і пары тысяч падпісчыкаў. 

Як удалася высветліць самім актывістам, допісы ад імя «неабыякавых магілёўцаў» рабіў чалавек, які жыў у расійскім Омску і ніколі ў Магілёве не бываў. З такімі інфармацыйнымі кампаніямі, якія, відаць, з’яўляюцца нормай у Расіі, беларусам раней не даводзілася сутыкацца.

З ліста Ігізбаева цяпер вядома, менавіта ён прыклаў руку да таго, каб пасадзіць начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента Дзяржпрамнагляду Іваніцкага. Іваніцкі, які выдаваў заключэнне аб адпаведнасці аб'екта будаўніцтва дзеючым нормам і правілам прамысловай бяспекі, быццам бы прапанаваў «вырашэнне пытання» па праекце завода за пэўнае ўзнагароджанне.

У пачатку 2017-га пры ўдзеле Ігізбаева чыноўнік быў затрыманы за атрыманне 2000 даляраў хабару. Пасля гэтага пытанні прадпрыемства пачалі вырашацца хутчэй.

Труба завода, на якой зафіксаваныя перавышэнні нормы ў дзясяткі разоў. Фота: Радыё Свабода

Труба завода, на якой зафіксаваныя перавышэнні нормы ў дзясяткі разоў. Фота: Радыё Свабода

Супраца з КДБ, відаць, дадала ўпэўненасці ва ўласных сілах Марату Ігізбаеву.

У лісце ад 13 жніўня 2019 года Ігізбаеў патрабаваў ад КДБ прыцягнуць магілёўскага актывіста Андрэя Бодзілева за паклёп. Бодзілеў, па меркаванні расійскага бізнэсмена, неаднаразова праз уласную суполку «Ініцыятыва за здаровы Магілёў» распаўсюджваў ілжывую інфармацыю супраць завода «Омск Карбон Магілёў», службовых асоб і дзяржаўных службоўцаў.

Не спадабалася тое, што Бодзілеў пісаў звароты ў дзяржаўныя органы і ствараў петыцыі, каб «накаліць грамадскую і сацыяльную абстаноўку ў рэгіёне», а таксама што ён заяўляў пра вырашэнне праблем прадпрыемства праз хабары.

Аналагічнае патрабаванне выкрыць злачынную змову Бодзілева і чыноўнікаў з мэтай атрымання «крымінальнай рэнты» патрабаваў Сяргей Івашкоў, галоўны інжынер праекта, у сваім звароце ад 6 верасня 2019. 

Каб прыбраць з дарогі аднаго актывіста быў падключаны ўвесь адміністрацыйны рэсурс прадпрыемства.

У той жа дзень, 6 верасня, свае звароты ў КДБ даслалі намесніца гендырэктара Марына Каўрыга і намеснік галоўнага энергетыка па цеплатэхніцы Дзмітрый Волкаў, 9 верасня — галоўны механік Юрый Цялятнікаў, 13 верасня — начальнік юрыдычнага аддзела Андрэй Буракоў, супрацоўнікі Андрэй Селіванаў, Алег Галібін, 17 верасня — начальнік службы аховы працы і прамысловай бяспекі Уладзімір Дудкін.

Сам Ігізбаеў не ленаваўся страчыць у КДБ. У злітай базе ёсць ягоныя даносы за 16 жніўня, 10 верасня, 11 верасня, 10 кастрычніка, 1 лістапада 2019, 31 ліпеня 2020 і 21 лютага 2022, але іхні змест невядомы, бо яны былі ў прыкладзеных файлах. Ён асабіста віншаваў кадэбэшнікаў з Днём супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі 20 снежня 2021.

Андрэй Бодзілеў (злева) і Уладзімір Краўчанка. Фота: mspring.online

Андрэй Бодзілеў (злева) і Уладзімір Краўчанка. Фота: mspring.online

Таксама кіраўніцтва завода «Омск Карбон Магілёў» напісала на Бодзілева заяву ў міліцыю, абвінавачваючы ў распальванні міжнацыянальнай варожасці, абразе прадстаўнікоў улады, а яшчэ незаконным правядзенні відэа-апытання сярод жыхароў аграгарадкоў Вейна і Навасёлкі наконт запуску завода.

6 верасня актывіста выклікалі ў Магілёўскі РАУС для дачы паказанняў, але ўжо 9 верасня было прынята рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы праз адсутнасць складу супрацьпраўных дзеянняў.

У 2022 годзе, мяркуючы па зваротах Ігізбаева, прадпрыемства бліжэй пазнаёмілася з беларускімі рэаліямі, якія так нахвальвала раней у сваіх прапагандысцкіх роліках.

Перавозячы сваю прадукцыю па чыгунцы да марскога порта ў літоўскай Клайпедзе (відаць, санкцыі на гэта прадпрыемства не распаўсюдзіліся), кіраўніцтва прадпрыемства даведалася, што іхнім кантэйнерам скарысталіся, каб незаконна перавезці праз мяжу цыгарэты «ФЭСТ» Гродзенскай тытунёвай фабрыкі.

Ігізбаеў патрабаваў ад КДБ разабрацца, хто ўцягвае прадпрыемства ў злачынную дзейнасць, але невядома, ці ўдалося яму нечага дамагчыся ад органаў дзяржавы, якая гэтай кантрабандзе і спрыяе.

Чытайце таксама:

«Даносніцтва не з’яўляецца паталогіяй усяго грамадства». Злітая база зваротаў у КДБ вачыма навукоўца

Суддзя, якая выносіла прысуд Ціханоўскаму, прасілася вярнуцца на працу ў КДБ. Але яе не ўзялі

«Усіх я ў рот **аў, і мараль вашу таксама». Расіяне расказалі, навошта пісалі даносы ў беларускі КДБ

У актыўным «стуканні» ў КДБ засвяціўся вядомы магілёўскі фатограф і экаактывіст

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
28