Жан Чубукоў на адной з акцый пратэсту ў 2020-м годзе. Як чалавек, што нарадзіўся ў Расіі, ён часам прыходзіў туды з расійскім сцягам, каб паказаць, што рускія таксама не хочуць улады Лукашэнкі. Фота з архіва героя

Жан Чубукоў на адной з акцый пратэсту ў 2020-м годзе. Як чалавек, што нарадзіўся ў Расіі, ён часам прыходзіў туды з расійскім сцягам, каб паказаць, што рускія таксама не хочуць улады Лукашэнкі. Фота з архіва героя

Як канкрэтна змяніліся погляды за 11 год?

— Калі б вы задалі гэта пытанне Жану з 2014-га, ён бы вам адказаў канспіралагічнымі штампамі, што нашу краіну хочуць акупаваць эмісары Захаду рукамі беларускіх нацыяналістаў, каб разарваць краіну на часткі і выкачваць з яе рэсурсы. Цяпер я лічу, што ўладу ў Беларусі сілавым шляхам захапіла і ўтрымлівае банда тэрарыстаў, якая шмат у чым кантралюецца расійскім рэжымам.

Раней я лічыў, што ДНР і ЛНР — гэта людзі, якія бароняцца ад агрэсіі ўкраінскіх нацыяналістаў, а цяпер для мяне відавочна, што гэта была працяглая аперацыя па паслабленні найважнейшых рэгіёнаў. Канфлікт быў інспіраваны з Расіі для падрыхтоўкі да вайны і акупацыі Украіны.

Калі казаць пра Крым, то я быў шчыра рады «рэферэндуму», а цяпер лічу, што гэта проста нахабная акупацыя цэлага рэгіёна Украіны. Калі казаць пра дачыненне да беларускай апазіцыі, то раней я лічыў, што гэта проста грантасмокі, якія транслююць ідэі нацыяналізму, каб зарабіць грошы, або нейкія фанатыкі. Цяпер я разумею, што людзі могуць мець розныя погляды, і гэта само па сабе добра. А кожная дзейнасць грунтуецца на асабістых перакананнях людзей і толькі другасна на фінансавай ды іншай падтрымцы збоку.

Магу гэтак жа адзначыць, у чым мае погляды не змяніліся: я не прымаю гвалту і прымусу.

Што паўплывала на ўнутраную трансфармацыю?

— Я б назваў чатыры асноўныя падзеі. Першае — гэта калі на фоне цяжкага фінансавага крызісу паднялі пенсійны ўзрост. Само па сабе гэта варта было б зрабіць, але не ў такой сітуацыі. Калі грамадзяне востра маюць патрэбу ў падтрымцы і абароне дзяржавы, іх проста ўзялі і пачалі «даіць», каб захаваць свае бюджэтныя планы.

Другое — гэта змена сферы дзейнасці: я звольніўся з універсітэта, дзе мне на пытанне «як мне дзіця на гэты заробак карміць?» адказвалі: «Пацярпіце, так усе жывуць, а калі не падабаецца — едзьце ў свой Мухасранск» (гэта даслоўна). То-бок на месцах асобныя адміністратары гэтак знахабіліся, што дазваляюць сабе з усмешачкай пляваць на самыя базавыя патрэбы людзей.

Я скончыў курсы, пачаў працаваць праграмістам і аказалася (о дзіва!), што працаваць можна галавой, без аўралаў, можна расці кар'ерна і фінансава. Калі можна ў ІТ, то чаму нельга ў дзяржаўнай навуцы? Сутнасць працы ў маім выпадку вельмі падобная, я — Data Scientist. Мабыць, нехта хлусіць?

Акрамя таго, я навучыўся карыстацца сваёй галавой у прыняцці рашэнняў — выкарыстаў свае аналітычныя навыкі і праграмаванне, каб збіраць інфармацыю і аналізаваць яе самастойна і крытычна, а не спадзявацца на думкі «экспертаў» і прапаганды.

Трэцяе — пандэмія. Здавалася б, вось яна, залатая гадзіна, калі трэба ўключыць усю жорсткасць вертыкалі на ўсю моц і прымяніць яе на карысць: лакдаўн, маскі, тэсты, вакцынацыя, карантынныя і эпідэміялагічныя меры… Але аказалася, што продаж гарэлкі, імітацыя актыўнай дзейнасці прадпрыемстваў і стварэнне вобразу спакою і стабільнасці перад выбарамі важнейшыя за жыцці людзей.

Мае хутка пабудаваныя мадэлі паказвалі, што толькі да верасня 2020-га будзе інфікавана да 800 тысяч людзей, а каля 60 тысяч памруць. А з тэлевізара «гарэлка і трактар», «лазня», «самі вінаватыя» і іншае. То-бок уладам настолькі напляваць на свой народ, што для падтрымання добрай міны яны гатовыя ахвяраваць дзясяткамі тысяч жыццяў сваіх грамадзян.

І добра б самі нічога не рабілі, але яны ж яшчэ і валанцёрам перашкаджалі працаваць і дапамагаць медыкам! Гэта было для мяне абуральна і абсалютна непрымальна, калі ў краіне разгарнулася страшная пандэмія і людзі паміраюць: тут павінна быць не да палітычных разбіральніцтваў, гэта ўсё потым, перадусім — жыцці людзей.

Чацвёртае: падзеі 2020-га і вайна ва Украіне. Мне вельмі падабалася праграма і каманда Бабарыкі. Менавіта такога чалавека я хацеў бачыць у кіраўніцтве Беларусі. Таму я, як і шмат хто іншы, стаяў у чэргах, каб аддаць свой подпіс. Пазней — браў удзел у пратэстах.

У выходныя пасля забойства Рамана Бандарэнкі я пайшоў аказваць медыцынскую дапамогу на «Плошчу Перамен» і пасля гэтага трапіў у катавальню ІЧУ Акрэсціна і «канюшні» Баранавічаў (Жан даслаў у рэдакцыю копію пратакола, згодна з якім ён адбыў 13 сутак па тагачасным артыкуле 23.34 КаАП — «НН»). Маіх знаёмых аднаго за адным пачалі саджаць і звальняць з працы, таму я зрабіў PBH візу (не гуманітарную, каб не перашкаджаць тым, хто мае большую патрэбу) і пераехаў у Польшчу.

Тут я часам хадзіў на імпрэзы дыяспары ў падтрымку палітвязняў, сярод якіх былі і мае добрыя знаёмыя, і людзі, за якіх я галасаваў. Часам дапамагаў людзям, якія прасілі дапамогі на «Байсол». Калі пачалася вайна, я дапамагаў бедным, у мяне ў кватэры жылі ўцекачы з Украіны. Цяпер вось дапамагаю некаторым беларускім ініцыятывам праз адсотак ад падаткаў. Больш за ўсё мяне цікавіць ініцыятыва стварэння пашпарта незалежнай Беларусі.

За што з мінулага сорамна? Ці змяніў бы нешта, калі б быў шанец вярнуцца назад?

— Я прайшоў праз глыбокую ўнутраную трансфармацыю, атрымаў досвед і актыўнага прыхільніка ўлады, і апазіцыйнай дзейнасці — праз прамы ўдзел. Тут складана разважаць.

Калі б я не ўбачыў, як рыхтуюць «палітычных аналітыкаў» у Акадэміі кіравання, то думаў бы пра чыноўнікаў лепш. Калі б мне неаднаразова не пагражалі забойствам і фізічнай расправай радыкальна настроеныя апазіцыянеры, то, можа быць, ніякага «Антымайдан. Беларусь» і не было б.

Я рэальна сутыкаўся з сітуацыяй, калі мне пісалі «калі мы прыйдзем ды ўлады, на кожным ліхтарным слупе будзе вісець па маскалі». І калі табе падобнае пішуць неаднаразова (ды не толькі табе), то згадваецца фраза кабеты, якая перажыла Халакост, «калі вам кажуць, што вас будуць забіваць — верце». Натуральна, што ў такой сітуацыі сам пачынаеш радыкалізавацца і шукаць нейкіх аднадумцаў.

Беларускія ўлады на той момант былі досыць пасіўныя, а я лічыў, што пагроза больш чым рэальная, таму стаў шукаць хаўруснікаў там, дзе яны былі — у асяроддзі прарасійскіх актывістаў.

Усе моцныя заднім розумам: у моманце трэба было рабіць не так, а інакш. Але калі знаходзішся ў нявызначанасці і сутыкаешся з пагрозай, то даводзіцца выкарыстоўваць тое, што маеш для абароны сваіх поглядаў, перакананняў і проста фізічнай бяспекі.

Не магу сказаць, што мне за нешта сорамна. Я рабіў няправільна, але гэта было праз дэфіцыт інфармацыі і імклівае развіццё палітычных канфліктаў, у якія я быў пагружаны. Таму стаўлюся да гэтага як да памылкі.

Як сёння ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга

— Да бел-чырвона-белага сцяга я стаўлюся нейтральна, а ад чырвона-зялёнага мяне круціць. БЧБ стаў для мяне адным са знакаў пратэсту, з якім я быў і застаюся згодны. У гістарычныя дыскусіі я б тут не лез, ёсць канкрэтнае тут і цяпер.

Тыя людзі, якіх я схільны лічыць аднадумцамі, любяць БЧБ. Банда тэрарыстаў, якія ўзурпавалі ўладу, карыстаюцца ЧЗ. І яшчэ мне БЧБ больш падабаецца проста праз спалучэнне колераў.

Датычна той даўняй петыцыі пра «нацысцкі сімвал», то я сам са Жлобіна, сёлета там памёр апошні ветэран. Так што нічые пачуцці БЧБ ужо асабліва не зачэпіць. Мяркую, што людзей, якія прайшлі праз вайну, цяпер значна больш турбуе пенсія, якасць медыцынскай дапамогі і вайна ў суседняй краіне, чым колер сцяга.

Чаму з’ехаў з Беларусі

— Я такі ж пратэстоўца, як і вы. Гэтак жа сутыкнуўся з гвалтам і катаваннямі за свае перакананні. Я быў з вамі каля Стэлы і на Плошчы Перамен. Так што мяркую, што ў Беларусі цяпер для мяне такі самы «рай», як і для вас. З адной невялікай розніцай: вы былі апанентам сістэмы заўсёды, а мяне рыхтавалі для працы ў сістэме.

Таму калі вы для сістэмы проста вораг, то я — вораг у квадраце і здраднік, які скарыстаў рэсурсы сістэмы не па прызначэнні і выступіў супраць.

Ці няма пачуцця віны праз узаемадзеянне з прарасійскімі сіламі, дзякуючы якім у тым ліку ў Беларусі адбываецца тое, што адбываецца

— Быў час, калі я досыць актыўна ўзаемадзейнічаў з прарасійскімі актывістамі. Яны, дарэчы, у значнай меры паўплывалі на маю трансфармацыю: тое, у чым я раней падазраваў беларускую апазіцыю, як аказалася, адбывалася менавіта ў прарасійскім коле. У мяне ад гэтага здарыўся кагнітыўны дысананс. Гэта было вельмі непрыемным для мяне адкрыццём, таму я праз пэўны час прыпыніў з гэтымі людзьмі ўсе кантакты.

Сам жа механізм сеткі ўплыву «Рассупрацоўніцтва» існаваў да мяне і існуе пасля майго выхаду з гэтай сістэмы. Мне гэтыя людзі не спадабаліся.

Быў адзін адэкватны незалежны чалавек з перакананнямі, Антон Каровін, дык ён адзіны з усёй гэтай групы паехаў ваяваць на баку ЛНР. Калі ён вярнуўся з вайны ў Мінск, моцна шкадаваў пра сваё рашэнне. А потым яго забілі пад Алчэўскам. Адчуваю сваю віну, што не змог яго тады адгаварыць ад вяртання на вайну.

Ці працягвае яшчэ займацца палітычнай аналітыкай

— Цяпер я не займаюся палітычнай аналітыкай. Часам, вядома, мяне можа цікавіць прагноз далейшага развіцця сітуацыі і я выкарыстоўваю свае навыкі Data Science і палітычнага аналізу, каб пралічыць уплыў палітычных і вайсковых рызык на эканоміку і стан рынкаў. Але гэта, хутчэй, звязана з праектнай дзейнасцю і фармаваннем камандаў пад нейкія заданні ў маёй працы.

Часам бываюць праекты, на якія вельмі моцна можа ўплываць палітычны фактар: напрыклад, абвастрэнне канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС моцна ўплывае на рэгіянальную лагістыку, змяняе рызыкі для страхавых кампаній і банкаў. Ці, скажам, вайна ва Украіне і агрэсіўная рыторыка МЗС Расіі ўплываюць на цэны арэнды ў прымежных з Расіяй рэгіёнах Балтыкі і Скандынавіі. Прыбыццё ПВК «Вагнер» у Паўднёвы Судан можа ўплываць на цэны банкаўскіх крэдытаў у Конга і гэтак далей. Шмат яшчэ такіх прыкладаў.

Чытайце таксама:

«Думкамі жыў у СССР». У «ДНР» загінуў баявік, выпускнік гістфака БДУ

«Сур'ёзна схуднеў, важыць, напэўна, кілаграм 80». Былы палітвязень пра Віктара Бабарыку

Як забівалі Рамана Бандарэнку. Хроніка падзей

Клас
62
Панылы сорам
5
Ха-ха
19
Ого
8
Сумна
3
Абуральна
19