Новым міністрам абароны Расіі стаў Андрэй Белавусаў. Гэтая пасада ключавая ў ваюючай дзяржаве. Фота Ekaterina Shtukina, Sputnik, Pool Photo via AP

Новым міністрам абароны Расіі стаў Андрэй Белавусаў. Гэтая пасада ключавая ў ваюючай дзяржаве. Фота Ekaterina Shtukina, Sputnik, Pool Photo via AP

Крэмль патлумачыў прызначэнне міністрам абароны першага віцэ-прэм'ера па эканоміцы Андрэя Белавусава жаданнем перабудаваць эканоміку на ваенныя рэйкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў, што прыход Андрэя Белавусава звязаны з працэсамі, якія адбываюцца ў расійскай эканоміцы.

«Вельмі важна ўпісаць эканоміку сілавога блока ў эканоміку краіны. Упісаць з тым, каб яна адпавядала дынаміцы цяперашняга моманту», — сказаў Пяскоў.

Паводле слоў Пяскова, бюджэт Міністэрства абароны РФ і сілавога блока дасягнуў 6,7% ад валавога ўнутранага прадукту.

Гэта больш, чым у любой іншай еўрапейскай краіне, акрамя ваюючай Украіны.

Цяжка сказаць, ці гэта праўда, ці рэальныя выдаткі на вайну ў Расіі яшчэ большыя. Еўразійская імперыя славіцца сваёй закрытасцю.

«Гэта пакуль не крытычная лічба», «але мы паступова набліжаемся ў сілу вядомых прычын, у сілу вядомых геапалітычных абставінаў вакол нас, да сітуацыі сярэдзіны 80-х гадоў, калі доля выдаткаў на сілавы блок у эканоміцы была 7,4%», — дадаў Пяскоў.

Празрысты намёк на тое, што Пуцін хоча не паўтарыць памылак сваіх савецкіх папярэднікаў. СССР разваліўся, бо яго эканамічная мадэль не вытрымала гонкі ўзбраенняў.

Масква заяўляла, што яе армія другая па моцы ў свеце, а дзяржаўная прапаганда доўгія гады настройвала грамадзян у шавіністычным і імперыялістычным духу. Аднак вайна ва Украіне, якую Пуцін бачыў сваім трыумфам, стала правалам. Расійская армія страціла больш за 75 тысяч забітымі і дзясяткі тысяч адзінак тэхнікі, у тым ліку тысячы танкаў.

Ваенныя дзеянні ва Украіне выявіла, што расійская зброя выразна саступае заходняй, а армія няздольная перамагчы ўкраінскую, не кажучы пра блок НАТА.

Калі стала ясна, што бліцкрыг ва Украіне не ўдаўся, Крэмль пачаў перабудоўванне эканомікі на ваенныя рэйкі.

Менавіта з гэтым можна звязаць і прызначэнне міністрам абароны эканаміста-нацыяналіста, які раней займаўся рэфармаваннем расійскай эканомікі з мэтай дасягнення ёю самадастатковасці.

«Прызначэнне Белавусава азначае, што ў аснову ставіцца эканоміка супрацьстаяння, то-бок вайна — гэта надоўга і ўсур'ёз, галоўны разлік на вымучванне і знякроўліванне суперніка, стомленасць і ўнутраны раздрай у яго саюзнікаў», — напісаў расійскі палітолаг Канстанцін Калачоў.

У той жа час як гэтае прызначэнне, так і склад урада ў цэлым сведчаць, што Пуціну камфортна працаваць з людзьмі свайго пакалення. 64-гадовы Белавусаў будзе адным з наймаладзейшых у гэтай камандзе. Міністру замежных спраў Сяргею Лаўрову — 74 гады, кіраўніку Федэральнай службы бяспекі Аляксандру Бортнікаву — 72, а Сяргею Шайгу, які перасеў у крэсла кіраўніка Рады бяспекі, за восем дзён споўніцца 69. Расійская вярхушка па сваім узросце нагадвае брэжнеўскую пад канец 1970-х.

72-гадовы шавініст Мікалай Патрушаў, былы кіраўнік ФСБ, а пасля — Рады бяспекі, «пераходзіць на іншую працу», якую пакуль невядома.

68-гадовы начальнік Генеральнага штаба Валерый Герасімаў працягне службу на гэтай пасадзе, паведаміў Пяскоў. «Змяненняў пакуль у цяперашні час не прадугледжваецца», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта.

«Калі Захад хоча вырашаць украінскі канфлікт на полі бою, то будзе на полі бою», — заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у Радзе Федэрацыі 13 мая.

Чытайце таксама:

Пуцін зняў Шайгу з пасады міністра абароны — і паставіў сакратаром Рады бяспекі

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
27