Украіне ў выпадку ўваходжання ў Мытны саюз неабходна мяняць Канстытуцыю, і для ўнясення паправак у Асноўны закон можа спатрэбіцца ўсеўкраінскі рэферэндум. Пра гэта заявіў 21 сакавіка ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч.
Масква запрашае Кіеў у Мытны саюз і Еўразійскі саюз, абяцаючы пасля ўваходжання ўнутрырасійскія цэны на энерганосьбіты. Аднак Кіеў пакуль прапаноўвае супрацоўніцтва з МС у фармаце «3 + 1».
«Калі нам уваходзіць у Мытны саюз, мы павінны змяніць Канстытуцыю законным спосабам.
Калі не ў парламенце, то трэба праводзіць усеўкраінскі рэферэндум, на рэферэндуме народ павінен вызначыцца: уваходзіць ці не ўваходзіць»,— сказаў Януковіч падчас сустрэчы з прадстаўнікамі царквы і рэлігійных арганізацый.
Ён дадаў, што Украіна па Канстытуцыі на сённяшні дзень не мае права ўваходзіць у аб’яднанні, якія маюць наддзяржаўныя рэгулятары.
Раней Януковіч заяўляў, што магчымасць уваходжання Кіева ў МС Расіі, Казахстана і Беларусі будзе залежаць ад вынікаў працы гэтага саюза.
Украіна з’яўляецца назіральнікам у ЕўрАзЭС. Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў 19 сакавіка заявіў, што дзяржавы — назіральнікі ў ЕўрАзЭС атрымаюць прывілеі ў выпадку далучэння да Мытнага саюза, у адваротным выпадку ў іх могуць узнікнуць пэўныя складанасці.