Як стала вядома «Нашай Ніве» з крыніц у РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, стан здароўя Меіра Дагана крайне цяжкі.

Даган застаецца ў рэанімацыі. Тэмпература павышаная — 37,1. Аперацыя прайшла паспяхова, але пасля яе пачаліся ўскладненні.

Легендарны ізраільскі разведчык Меір Даган нарадзіўся ў 1945 годзе ў Навасібірску, у сям’і польскіх габрэяў, што выехалі ў Сібір.
Пасаду дырэктара замежнай разведкі Ізраіля «Масад», адной з самых магутных выведак свету, ён займаў у 2002–2011 гадах.
З мая мінулага года з’яўляўся прэзідэнтам кампаніі «Гулівер Энэрджы» па пошуку і распрацоўцы нафтавых і газавых радовішчаў.

Пра тое, што аперацыю Дагану правялі ў Мінску, першым абвясціў Аляксандр Лукашэнка. Гэта адбылося ў аўторак, 16 кастрычніка, у часе прэс-канферэнцыі для карэспандэнтаў расійскіх СМІ. Ён назваў праведзены беларускімі лекарамі перашчэп печані паспяховым.

Па словах дактароў, на дадзены момант яшчэ рана казаць, ці прыжылася печань.

Газета «Ісраэль а-Ём» сёння паведаміла, што ў апошнія тыдні ў пошуку рашэння для лекавання Дагана, у якога пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, брала ўдзел уся палітычная эліта Ізраіля.

Партал Ynet публікуе заяву набліжаных экс-кіраўніка «Мосада», якія аспрэчваюць заяву Лукашэнкі аб тым, што ў ЗША і Швецыі адмовіліся апераваць Дагана. Па іх словах, да шведскіх лекараў не звярталіся, а ў ЗША Даган не адпавядаў крытэрам для перашчэпу печані.
Напрыклад, пры раку ў ЗША пацыент такой аперацыі не падлягае.
У Беларусі існуе адзін з перадавых у Еўропе цэнтраў транспланталогіі, а беларускае заканадаўства ў гэтай галіне — адно з самых спрыяльных у свеце.
Згодна з ім, у любога чалавека пасля смерці могуць забраць органы для выкарыстання ў медыцынскіх мэтах, калі толькі ён не забараніў гэтага пісьмова пры жыцці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?