33 праваабарончыя арганізацыі, якія ўваходзяць у Міжнародную платформу «Грамадзянская салідарнасць», заклікалі ўлады Беларусі зняць усе абвінавачанні з праваабаронцы Алеся Бяляцкага і неадкладна вызваліць яго, дазволіць праваабарончаму цэнтру «Вясна» працягваць працу ў яго памяшканні, а таксама спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў краіны.
Аб гэтым гаворыцца ў заяве, якую падпісалі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый каля 20 краін.

Міжнародныя праваабаронцы асуджаюць, у прыватнасці, канфіскацыю офіса «Вясны». «Гэтыя дзеянні з’яўляюцца чарговым праяўленнем парушэння свабоды асацыяцый з боку ўлад Беларусі, якія працягваюць націск на іншадумцаў і спрабуюць аб’явіць праваабаронцаў па-за законам, запужваць іх і крымінальна праследаваць. Нягледзячы на тое, што свабода асацыяцый гарантавана беларускай Канстытуцыяй, улады краіны парушаюць Асноўны закон, а таксама міжнародныя стандарты, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь у рамках ААН, і абавязацельствы, узятыя дзяржавай на сябе ў рамках АБСЕ», — гаворыцца ў заяве.

Яны таксама нагадваюць, што суд над Бяляцкім «быў адзначаны грубымі парушэннямі права на абарону і права на справядлівы суд».
«Ніводнаму міжнароднаму назіральніку не ўдалося атрымаць візу для таго, каб прыехаць у Беларусь і прысутнічаць на судзе; сярод тых, каму было адмоўлена ў беларускай візе, былі супрацоўнікі Міжнароднага партнёрства за правы чалавека (IPHR) і Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, арганізацый — членаў платформы «Грамадзянская салідарнасць». Канфіскаваная кватэра была памяшканнем, у якім «Вясна ажыццяўляла сваю дзейнасць на працягу 12 гадоў», — гаворыцца ў заяве.

«Платформа „Грамадзянская салідарнасць“ асуджае новыя крокі беларускіх улад, накіраваныя на спыненне дзейнасці вядомай няўрадавай арганізацыі, якая працягвае мужна выконваць сваю працу, нягледзячы на турэмнае зняволенне свайго кіраўніка і сур’ёзны ціск, які адчуваюць яе члены на працягу апошняга года», — заяўляюць праваабаронцы.

Таксама платформа заклікала міжнародную грамадскасць падтрымаць свае патрабаванні і прадоўжыць заклікі да Аляксандра Лукашэнкі ўстрымацца ад далейшых рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?