«Для гэтага нам спатрэбіцца кабінет і разетка», — папярэджвае Андрэй Захарчанка, першы і пакуль адзіны ў Брэсце індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца такога роду дзейнасцю. Дарэчы, ён другі прыватнік у рэспубліцы пасля мінскіх калегаў, якія працуюць у гэтай загадкавай сферы.

Чалавек з чорным кейсам заходзіць у кабінет. «Гэта для рэгістрацыі верхняга і ніжняга дыхання», — тлумачыць ён з’яўленне на маім целе двух круглых датчыкаў, аднаго ў вобласці сэрца, другога на жываце. «А гэта для вызначэння электраправоднасці скуры, гэта значыць супраціўлення скуры падчас хвалявання», — працягвае тлумачэнні і прымацоўвае на пальцы левай рукі тры датчыкі ў выглядзе пласцінак. З валізкі з’яўляецца нешта накшталт танометра. «Не-не, мы не будзем вымяраць ціск, — апярэджвае маё пытанне спецыяліст. — Падчас тэставання неабходна фіксаваць сардэчна-сасудзістую актыўнасць, што і будзе рабіць гэты датчык на перадплеччы». Затым Андрэй Валер’евіч просіць зручней садзіцца на крэсла, пад заднія ножкі якога ўжо падкладзеныя металічныя дыскі з праводкі. Ці не на электрычнае крэсла саджуся? У пэўным сэнсе так: спецыяліст каментуе, што гэтыя дыскі — насамрэч датчыкі рухальнай актыўнасці (трэмару). Яны, як і ўсё тое, што на мяне надзелі ў апошнія 10 хвілін, падключаюцца непасрэдна да сэнсарнага блока — сэрца паліграфа, той — да камп’ютара, а камп’ютар — да сеткі. Датчыкі трэмару — дадатковы «наварот» і выкарыстоўваюцца не ўсімі спецыялістамі і не ва ўсіх відах паліграфіі.

Падмануць дэтэктар хлусні

Калі верыць статыстыцы, сярэдняя паспяховасць паліграфа складае 85–90%, а ў некаторых выпадках даходзіць да 100. Зразумела, што на дакладнасць вынікаў уплывае многае, напрыклад, методыка правядзення тэставання ці стан, у якім знаходзіцца тэставаны. Ведаючы гэта, Андрэй Захарчанка на падрыхтоўчым этапе папрасіў адключыць тэлефоны, схадзіць у прыбіральню, паесці, сагрэцца, карацей, мінімізаваць раздражняльныя фактары. Бо любы рух — хай нават нязначнае прыцісканне пальца да калена — фіксуецца апаратурай і ў выніку можа сыграць не на карысць «падлучанага».

Пачынаем з кантрольных пытанняў, у час якіх суперадчувальная тэхніка наладжваецца на псіхафізіялагічныя асаблівасці асобы. Гэта зусім простыя пытанні: «Як вас завуць?», «Вы жывяце ў Брэсце?» Потым вывучаецца рэакцыя на свядомую хлусню. У маім выпадку даводзілася на пытанні «Вас завуць Ганна?», «У вашым пашпарце напісанае імя Ганна?», «Вашы родныя называюць вас Ганнай?» адказваць увесь час «не». Менавіта так вызначалася, як я рэагую на хлусню, як яе фіксуе дэтэктар хлусні.

Прызнаюся, хітравала. Бо маёй мэтай было падмануць паліграф, а разам з ім і паліграфолага.
Па сутнасці, эфектыўнасць аперацыі на 90% залежыць ад прафесіяналізму, кваліфікацыі таго, хто апрацоўвае паліграму.

Пераходзім да асноўнага тэсту. Загадваю лічбу 8 і запісваю яе ў нататнік. Аператар паліграфа пачынае «допыт», пасля якога павінен адгадаць лічбу. Мая тактыка простая: у адказах, датычных да «маёй» лічбы, кажу няпраўду (адмаўляю, што загадала 8), у той жа час спрабую стварыць штучнае хваляванне на лічбу 3. Блок на ўгадванне адной лічбы складаецца з 33 пытанняў, падзеленых на тры групы. Паміж пытаннямі — абавязковая паўза ў 20 секунд, падчас якой апарат «счытвае» эмоцыі.

З мноства прапанаваных інтэрнэтам спосабаў заблытаць паліграф выбрала самы просты, які не патрабуе падрыхтоўкі, напрыклад, прыняцця лекаў, якія зніжаюць артэрыяльны ціск. Чуючы пытанне, дзе фігуравала васьмёрка, я проста пачынала перамнажаць у галаве лічбы (супакойвала думкі, якія паліграф пакуль не ўмее чытаць), а ўголас выдавала адназначнае «не». Калі ж справа датычыла тройкі, у ход ішлі няшчырыя эмоцыі, у дадатак да гэтага я сціскала зубы і перарывіста дыхала.

У выніку праграма паказала двух асноўных лічбавых кандыдатаў — 3 і 8. Андрэй яшчэ раз уважліва прагледзеў паліграму і заключыў: «Мяркуючы па сукупных псіхафізіялагічных характарыстыках, загаданая вамі лічба — 8. Гэта так?» Гэта было сапраўды так.

Мы верым у Бога, усё астатняе правяраем на паліграфе

Гэта жарт паліграфолагаў ЗША, дзе дэтэктар хлусні выкарыстоўваецца паўсюдна. Напрыклад, усе супрацоўнікі ЦРУ раз на пяць гадоў «спавядаюцца» перад аператарамі паліграфа. А вось прыклад эканамічнай эфектыўнасці прыбора: штогод падчас праверкі персаналу дзяржаўных і камерцыйных структур праводзіцца каля 2,5 млн паліграфных тэстаў. Пры гэтым дзве траціны праходзяць з мэтай падбору персаналу і толькі траціна — у рамках службовых расследаванняў. У выніку прыкладна 20 з 30 млрд даляраў шкоды, якая наносіцца супрацьпраўнымі дзеяннямі супрацоўнікаў арганізацый, вяртаецца фірмам.

Але хто звяртаецца да паслуг дэтэктара хлусні ў нашым горадзе? У першую чаргу гэта камерцыйныя структуры — і не толькі для службовых расследаванняў, але, як амерыканцы, пры падборы персаналу і скрынінгу (тэставанне тых, хто ўжо працуе). Таксама гэты метад адбору выкарыстоўваецца сярод забяспечаных людзей, якія маюць у доме абслугоўваючы персанал. Пагадзіцеся, важна ведаць, ці няма ў будучай нянькі для вашай маленькай дачкі схільнасці да гвалту. А ў хатняй прыслужніцы — таемнай клептаманіі або проста псіхічных адхіленняў. Больш за тое, раўнівы муж можа праверыць жонку (ці наадварот) на прадмет нявернасці. Дарэчы, даведацца праўду па гэтым пытанні каштуе даражэй за ўсё: каля 3,5 млн рублёў. Самы ж танны «сеанс», згодна з прэйскурантам, абыдзецца прыкладна ў 900 тысяч. І, вядома ж, «абследаванне» магчымае толькі на добраахвотнай аснове.

Актыўна гэты спосаб тэставання прымяняецца дзяржорганамі, напрыклад, у Камітэце дзяржкантролю.
Але ў асноўным дэтэктар хлусні выкарыстоўваюць сілавікі: КДБ, Мінабароны, Дзяржаўны мытны камітэт і Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства ўнутраных справаў і Служба бяспекі прэзідэнта. Зразумела, людзі з вуліцы не могуць прыйсці сюды, каб па ўзаемным жаданні сяброў, калег, родных высветліць падрабязнасці асабістага жыцця і ўлагодзіць канфлікт. Ініцыятыва ў дадзеным выпадку зыходзіць ад дзяржаўных структур, а падставай да падлучэння грамадзяніна да дэтэктара хлусні служаць падазрэнні ў сур’ёзным правапарушэнні.

— Мы звяртаемся да паліграфіі, — кажа Сяргей Дучэнка, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў прэс-службы УУС Брэсцкага аблвыканкама, — для раскрыцця цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў: забойстваў, разбойных нападаў, згвалтаванняў, для пошуку без вестак зніклых, па факце крадзяжоў у асабліва буйных памерах. Практычна па ўсіх рэзанансных злачынствах прыцягваюцца спецыялісты-паліграфолагі УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Па многіх злачынствах без выкарыстання паліграфа іх раскрыццё было б маламагчымым або для гэтага спатрэбіліся б значныя затраты часу.

Сяргей Мікалаевіч прыводзіць у прыклад забойства 13-гадовай школьніцы з вёскі Лядзец Столінскага раёна двума аднавяскоўцамі. У ходзе следства падазраваныя падвяргаліся тэставанню на дэтэктары хлусні, вынікі якіх дапамаглі раскрыць злачынства. Іншы свежы прыклад: жыхар Івацэвіцкага раёна шукаў сваю жонку, што знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Па словах мужа, яна без вестак знікла. З дапамогай спецыялістаў-паліграфолагаў УУС Брэсцкага аблвыканкама было высветлена, што ён сам задушыў сваю жонку ў салоне асабістага аўтамабіля, затым вывез і ўтапіў у меліярацыйным канале. «Аднак, нягледзячы на паспяховасць гэтага метаду ў працы аператыўнікаў, — заключае Сяргей Дучэнка, — у Брэсцкай вобласці апытанне з выкарыстаннем паліграфа факультатыўнае і служыць інструментам у раскрыцці злачынства».

Эпілог

У Старажытным Кітаі верылі, што ў чалавека, які здзейсніў злачынства, абавязкова перасыхае ў роце. Таму падчас выслухоўвання абвінавачання падазраванаму давалі ў рот жменю сухога рысу. Калі рыс у роце не намакаў, чалавека прызнавалі вінаватым. Прайшло больш за дзве тысячы гадоў, і цяпер старажытнаўсходні дэтэктар хлусні здаецца нам смешным. Было б цікава даведацца меркаванне людзей V тысячагоддзя пра прыборчык з далёкага XXI стагоддзя пад назвай «паліграф».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?