Як стала вядома ej.by, расійскія інвестары ствараюць у Шуміліне буйны дрэваапрацоўчы комплекс. Мяркуецца, што агульны аб’ём інвестыцый складзе каля 15 млн еўра.

Як расказаў намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама Віктар Доктараў, расійцы набылі на аўкцыёне арачнік, які раней належаў райсельгасхіміі, і на базе гэтых плошчаў збіраюцца арганізаваць уласную вытворчасць. Новы дрэваапрацоўчы комплекс будзе ўключаць у сябе дзесяць прадпрыемстваў. Першае з іх — «ИскПоиск» — зарэгістраванае ў раёне яшчэ ў 2010 годзе. У канцы мінулага года да яго дадаліся прадпрыемствы «Бівер Трэйд» і «Вуд Уокер», закліканыя займацца сталярнымі працамі, сушкай піламатэрыялаў, а таксама продажам гатовых вырабаў. Яшчэ сем прадпрыемстваў, якія будуць створаныя і аб’яднаныя ў комплекс, зоймуцца вытворчасцю ацыліндраванага бруса, драўняна-палімерных кампазітаў, вырабам вокнаў і канструкцый дахаў, перавозкай і іншай дапаможнай дзейнасцю.

Інвестар ужо набыў у Італіі сучаснае сушыльнае абсталяванне, якое ў лютым плануецца даставіць у Шуміліна. Мяркуецца, што ў прадпрыемствах новага дрэваапрацоўчага комплексу знойдуць сабе працу каля 400 чалавек.

Па словах Віктара Доктарава, дрэваапрацоўчы комплекс — не адзіная новая вытворчасць, якая сёлета з’явіцца ў раёне. ТАА «Альянспласт» набыло на аўкцыёне былы цэх завода «Вістан», дзе збіраецца арганізаваць вытворчасць пластмасавых вырабаў. Ёсць і іншыя напрацоўкі. Агулам у гэтым годзе Шумілінскі райвыканкам хоча прыцягнуць у эканоміку не менш за 1,5 млн даляраў наўпростых замежных інвестыцый.

Найбуйнейшыя дрэваапрацоўчыя праекты, якія рэалізуюцца замежнымі інвестарамі ў Беларусі

BRW (Польшча)

Вытворчасць мэблі ў Брэсце і дыстрыбуцыя мэблі ў Беларусі і Расіі.

VMG (Літва)

Лесанарыхтоўчая дзейнасць, вытворчасць ДСП, корпуснай мэблі, клеенай фанеры, смалы, будаўнічай драўніны і шчытоў у Магілёве і Барысаве.

Kronospan Holding (Аўстрыя)

Лесанарыхтоўчая дзейнасць, заводы па вытворчасці драўнянастружкавых пліт і падлогавых пакрыццяў у Смаргоні (Гродзенская вобласць) і Магілёве.

SBA (Літва)

Вытворчасць корпуснай мэблі ў Магілёве.

Woodbakers (Эстонія)

Лесанарыхтоўчая дзейнасць, вытворчасць піламатэрыялаў, пелет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?