Артыкул пра НЛА над Мінскам у газеце «Труд», 30 студзеня 1985 г.
Чэлябінскі метэарыт, 15.02.2013.
Той самы «лось» пад Чэлябінскам.
У гэтым было нешта сімфанічнае: агнявы шар… успышка на ўсё неба… далёкі выбух і супакоены, бы лёгкі ўспамін, шлейф…
Згадаўся Апалінэр: «Як ракеты прыгожы, калі яны ноч асвятляюць!.. І трэба так многа агню, каб засмажыць людскія целы!..»
Потым замільгацелі твары ў крыві, рукі і галовы ў бінтах, выбітыя шыбы, знесены дах…
Роўна тры дні страсалі інфармацыйную прастору касмічная сімфонія ў небе і жах на зямлі. Больш за стагоддзе чалавецтва затрымлівае дыханне, узгадваючы Тунгускі метэарыт. Між тым, навукоўцы сцвярджаюць, што абедзве катастрофы супастаўныя па паходжанні і маштабах.
Няўжо інфармацыйныя тэхналогіі так спрасавалі Час, што за тры дні магчыма даведацца амаль аб усім тым, на што не хапіла стагоддзя? Верагодна, так.
Тунгускі метэарыт бачыла толькі Усёвідушчае вока.
Чэлябінскі — тысячы мабільнікаў, сотні відэарэгістратараў…
Тунгускі выбух дасюль гучыць над маўклівай пустэчай Часу…
Чэлябінскі выбух закрэслены пісклявым «афігець!»
Чалавецтва пазбавілася страху. І гэта мо самае страшнае, што здарылася з ім.
У тыя ж дні, калі выбуховая хваля з гэтым моўным дасягненнем сучаснасці неслася па сеціве і тэлеэкранах, адбылася сціплая, амаль незаўважная падзея — былому савецкаму афіцэру Станіславу Пятрову ўручылі Дрэздэнскую міжнародную прэмію міру. Уначы з 25 на 26 верасня 1983 года падпалкоўнік Пятроў выратаваў свет ад ядзернага Армагедона.
Я вось думаю цяпер: што вымусіла дзяжурнага па савецкай сістэме ранняга папярэджвання аб ракетным нападзе тыя літаральна некалькі хвілін, што заставаліся да націскання чырвонай кнопкі, не верыць у тое, што пяць амерыканскіх міжбалістычных ракет ужо запушчаны і ляцяць?Парушыць усе статуты, правілы, абавязкі і не верыць сістэме, яе фатальным падлікам, а спакойна, удумліва, не зважаючы на ліхаманкавы бег секунд, шукаць памылку…
Адказнасць? Безумоўна. Прафесійнасць? Бясспрэчна. Але найперш страх. Не за сябе. Нават не за дзяржаву. Бо калі б так, кнопка была б націснута.
Не, гэта быў іншы страх — за чалавецтва, за чалавечнасць у чалавецтве, за апошні момант яго жыцця…
Але ці не чалавецтва падвяло сябе да апошняй рысы і самаўпэўнена вырашыла, што ўтрымае самазнішчальную моц? І які сэнс страшыцца нябеснай кары, калі мы самі здольны наслаць яе на каго палічым патрэбным?
Якая там кара? Які Чарнобыль? Фігня… Афігець…
У 2011 пад тым жа Чэлябінскам быў выяўлены найвялікшы ў свеце геогліф — выкладзеная каменнямі 5–8 тысяч гадоў таму выява велізарнага лася. Навукоўцы не ведаюць, як тое было магчыма…
Я ўяўляю сабе таго мастака — з якім страхам углядаецца ён у бязмежнае зорнае неба, а з першымі промнямі сонца выкладвае свайго лася, каб параўнацца з таямнічым небам і пераадолець страх.
Уся чалавечая культура нарадзілася з таго першабытнага страху перад таямнічай неабсяжнасцю неба.
Сёння, калі і ёсць страх, дык толькі за тое, каб хто варожы не скраў інфармацыю, не авалодаў знішчальнымі тэхналогіямі і не стаў панаваць над светам.
Я добра памятаю, якога страху на савецкія ўлады нагнаў у 1985 годзе артыкул у газеце «Труд» пра НЛА, які бачылі экіпажы двух грамадзянскіх самалётаў амаль што над Мінскам. Хто цікавіцца, можа і зараз прачытаць яго і аб яго наступствах, калі заб’е ў пошукавік назву «Ровно в 4.10». Але там наўрад ці хто знойдзе паведамленне пра заўчасную смерць Іллі Мелянеўскага, загадчыка аддзела навукі, добрага і вельмі адказнага журналіста. Пра містычнае супадзенне назвы і нумара ягонага кабінета — 4–10 — знойдзе. Пра вымовы, тэлефонныя нагонкі і нават амаль што міжнародны скандал —
Сёння НЛА сталіся ці не штодзённай кармушкай для СМІ — і тых, што адсвечваюць жаўцізной, і тых, што прэтэндуюць на разважлівую грунтоўнасць.Я нават не ведаю, ці сапраўды ёсць цікавасць да іх — такой звыклай сталася іх прысутнасць у паўсядзённым жыцці…
Ды што НЛА, калі Апазнаны Лятаючы Аб’ект над Уралам хваляваў чалавецтва ўсяго тры дні і не стаў падставай, каб угледзецца не толькі ў неба, а і ў самога сябе?!
Ці не ў тым справа, што, авалодаўшы тэхналогіямі, якія здольны працяць паверхню Марса, яно застаецца няздольным адмовіцца ад ядзернай зброі і прадухіліць касмічны Армагедон?!
Ці не ў тым справа, што парушаны знакаміты кантаўскі імператыў пра зорнае неба над намі і маральны закон унутры нас?!
«Сёння раніцай, — з горыччу піша сучасны філосаф Эміль Чоран, — пачуўшы, як нейкі астраном распавядае пра мірыяды сонцаў, я не стаў прыводзіць сябе ў парадак: навошта цяпер мыцца?»
Афігець!
* * *
16 лютага, у суботу, у кожнага, з кім давялося размаўляць, я пытаўся, ці глядзеў хто жывую трансляцыю НАСА пра астэроід, што апоўначы рухаўся паблізу Зямлі. Нехта трохі глядзеў, але большасць супакоена адпачывала. «А што там такога было?! — усклікнуў прыяцель. — Ну, рухалася нейкая кропка…» — «Не баяўся, што жахне?» — «Ды кінь ты, усё ж пралічылі…»
Яна рухалася безупынна пагрозліва, бы жывая істота, што ўвабрала ў сябе дрыготкую памяць Сусвету.
Сцвярджаюць, праўда, што звычайны камень.