Эпапея цягнецца ўжо больш за год, і поспехам пакуль не скончылася. Зараз улады збіраюцца дзейнічаць больш спрактыкавана, каб не даводзіць сітуацыю да той ступені скандалу, які прагрымеў на кандытарскіх фабрыках «Камунарка» і «Спартак».

«Луч»

Каля месяца таму сходы акцыянераў абутковых прадпрыемстваў «Отыка» і «Сівельга», якія ўваходзяць у мінскі холдынг «Абутак-Луч», прагаласавалі за перадачу дзяржаве адпаведна 10% і 5,55% акцый, якія знаходзяцца на балансе гэтых прадпрыемстваў. У канцы 2012 года пазачарговы сход акцыянераў ААТ «Луч» — кіроўная кампанія холдынгу «Абутак-Луч» прыняў рашэнне аб бязвыплатнай перадачы дзяржаве 5,45% акцый уласнага выпуску, якія знаходзяцца ў яго распараджэнні. Такім чынам, маючы пакет у памеры 21% акцый, дзяржава робіцца самым буйным акцыянерам мінскага абутковага холдынгу. Зрэшты, дэ-юрэ ўгоды яшчэ не завершаныя. Справа ў тым, што ўжо больш за год акцыі «Луча» знаходзяцца пад мараторыем.

Па словах мінарытарнага акцыянера «Луча», «ёсць загад кіраўніцтва ўрада давесці долю дзяржавы да кантрольнай». «Кіраўнікі прадпрыемстваў паддаліся на запалохванні і вырашылі перадаць дзяржаве пакеты акцый на бязвыплатнай аснове. Мабыць, ім паабяцалі, што пакінуць у крэслах», — сказаў ён.

Дзяржаве да нядаўняга часу належала 0,015% акцый холдынгу, юрыдычным асобам — 26%, астатнія акцыі знаходзіліся ва ўласнасці персаналу.

Па словах крыніцы, знаёмай з развіццём сітуацыі, цяпер рыхтуецца «рашэнне ўрада аб перадачы акцый дзяржаве». Гэтым дакументам плануецца «вызваліць прадпрыемства ад выплаты падаткаў пры перадачы акцый у дзяржуласнасць».

Раней гэтыя пакеты акцый планавалася прадаць стратэгічнаму інвестару з разлікам на ўкладанні ў развіццё холдынгу. У пачатку мінулага года актыўна абмяркоўвалася магчымасць стварэння холдынгу «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія» на базе мінскага холдынгу «Абутак-Луч» і беларуска-расійскага прадпрыемства «Белвест». Аднак гэты дакумент быў адпраўлены на дапрацоўку. Неўзабаве акцыянеры «Луча» ўхвалілі прыход яшчэ аднаго інвестара — кітайскай кампаніі Foshan NanhaI Chengming Trade, асноўнага пастаўшчыка сыравіны на мінскую фабрыку.

Па словах старшыні Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгія Бадзея, які ўваходзіць ў склад назіральнай рады холдынгу «Абутак-Луч», акцыянеры спадзяюцца на фінансавую падтрымку з боку дзяржавы ў сувязі з перадачай акцый. «Урад паставіў задачу па вынасе вытворчасці за межы Мінска і нарошчванні аб’ёмаў у 2–3 разы. Інвестыцыі патрэбныя на гэтыя мэты», — сказаў Бадзей. Пры гэтым ён адзначыў, што калі ў дзяржавы няма грошай для гэтага, то «няхай дасць магчымасць „Лучу“ прыцягваць таго інвестара, якога ён лічыць патрэбным».

У канцэрне «Беллегпрам» адмовіліся падрабязна абмяркоўваць гэтую тэму, спаслаўшыся на тое, што праводзіцца работа па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных на нарадзе па развіцці абутковай галіны ў канцы мінулага года. Кіраўніцтва краіны выказала незадаволенасць тым, што айчынныя абутнікі забяспечваюць унутраны рынак толькі на траціну. Ва ўрадзе лічаць, што вырашыць праблему дапаможа стварэнне ў галіне вертыкальна інтэграваных холдынгаў — ад вытворчасці скураной сыравіны да вытворчасці абутку. Улады прапанавалі стварыць у галіне 3 холдынгі — на базе прадпрыемстваў «Марка», «Белвест» і «Луч». «Лічу, што трэба пайсці на гэтыя холдынгі. Там, дзе мы маем кантрольны пакет, прымусіць імем рэвалюцыі пайсці ў холдынг», — заявіў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

«Чырвоны харчавік»

Сітуацыя на бабруйскім прадпрыемстве «Чырвоны харчавік», у аб’ёмах продажаў якога каля 70% займае зефір, крыху іншая.

Днямі Магілёўскі аблвыканкам прыняў рашэнне аб рэалізацыі свайго пераважнага права на набыццё 1197 акцый ААТ «Чырвоны харчавік» на суму 359 млн рублёў, паведамляе Беларуская валютна-фондавая біржа. Рашэнне аб куплі акцый прынятае на падставе пададзеных у аблвыканкам апавяшчэнняў фізічных асоб — акцыянераў таварыства аб намеры прадаць свае акцыі.

Старшыня назіральнай рады прадпрыемства Валянціна Шарстнёва адмовілася паведаміць, які пакет акцый ААТ «Чырвоны харчавік» належыць дзяржаве цяпер, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу. Пры гэтым яна сказала, што «гэтая доля яшчэ меншая за 50%». Чакаецца, што ў хуткім часе доля дзяржавы будзе павялічаная да больш за 50% за кошт дадатковай эмісіі акцый на суму дзяржпадтрымкі, аказанай прадпрыемству ў 2012 годзе. Пытанне плануецца разгледзець на пазачарговым сходзе акцыянераў 12 сакавіка, паведаміла крыніца, знаёмая з развіццём падзей. Паводле яе словаў, сход акцыянераў, які адбыўся два тыдні таму, не зацвердзіў рашэння назіральнай рады таварыства аб павелічэнні долі дзяржавы на суму дзяржпадтрымкі. Яно было адхіленае прадстаўнікамі кампаніі «Белцяжмаш», якая валодае блакавальным пакетам акцый, сказала крыніца.

«Белцяжмаш» Ігара Анішчанкі ўжо пяць гадоў спрабуе рэалізаваць на прадпрыемстве свае інвестыцыйныя планы. Але ўсе ініцыятывы блакуюцца кіраўніцтвам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і самой фабрыкі. Акцыянеры наракаюць на тое, што хочуць атрымліваць больш прыбытку, а «адзіны шлях да гэтага — зрабіць прадпрыемства больш прыбытковым, інвеставаўшы ў яго развіццё».

З адменай 1 студзеня 2011 г. мараторыя на рынку каштоўных папер Анішчанка давёў да кантрольнай долю сваіх кампаній у «Чырвоным харчавіку». Аднак 14 сакавіка 2011 г. быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 107, які даў пераважнае права мясцовым органам улады на набыццё акцый стратэгічных кампаній. Прычым указ пачаў дзейнічаць задняй датай — з 1 студзеня 2011. Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці сваім рашэннем хутка вырашыў спрэчку Анішчанкі з уладамі — яго доля была зрэзаная да першапачатковай. Прыватным акцыянерам была толькі выплачаная кампенсацыя зыходзячы з намінальнай цаны адной акцыі. Праз рэзкія курсавыя розніцы, якія былі ў 2011 годзе, свае страты акцыянеры ацанілі ў 500 тысяч даляраў.

У «Белцяжмашы» карэспандэнту TUT.BY заявілі, што ў цяперашні час «пазіцыі бакоў удакладняюцца». «Праходзяць перамовы па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы», — сказаў начальнік службы маркетынгу «Белцяжмаш» Дзмітрый Анішчанка, адмовіўшыся ад падрабязных каментароў.

Прадстаўнік «Чырвонага харчавіка» сцвярджае, што «ёсць рашэнне Лукашэнкі па давядзенні долі дзяржавы да кантрольнага пакета». «Яго трэба было выканаць яшчэ ў мінулым годзе. Але, думаю, мы гэта зробім у найбліжэйшы час», — адзначыў ён.

Па словах Шарстнёвай, «Чырвоны харчавік» — «гэта прыбытковае прадпрыемства». Аднак яна адмовілася назваць дакладныя лічбы да зацверджання іх гадавым сходам акцыянераў 29 сакавіка. Менавіта да гэтай даты неабходна зрабіць дзяржаву паўнавартасным уладальнікам бабруйскага прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?