Літоўскія супольнасці прадпрымальнікаў, грамадcкія лідары сёння заявілі, што забойства 6 сакавіка Рамана Вайніцкага, якое адбылося адначасова з шэрагам нападаў на іншых вядомых людзей у Літве, можа быць паказнікам актывізацыі арганізаваных злачынных груповак і што сытуацыя нагадвае першае дзесяцігоддзе незалежнасці Літвы, калі ў краіне лютавалі крымінальныя групоўкі.
У часе сённяшняй прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным агенцтве BNS яе удзельнікі заявілі, што некалькі нападаў на вядомых у Літве людзей, якія адбыліся цягам апошняга тыдня, могуць быць звязанымі між сабой. 10 сакавіка ўвечары у Каўнасе быў жорстка збіты вядомы фінансіст, былы прэзідэнт Літоўскай федэрацыі футбола Лютаўрас Варанавічус. У той жа час быў напад на журналіста газеты з найбольшым накладам у Літве, «Lietuvos rytas», Лукаса Пілецкаса.
На прэс-канферэнцыі выступілі генеральны дырэктар Літоўскай канфедэрацыі працадаўцаў-прадпрымальнікаў Данас Арлаўскас, прэзідэнт Нацыянальнага агенцтва аграпрамысловага бізнэсу Гінтаўтас Бабравічус, прэс-прадстаўнік Літоўскай мужчынскай баскетбольнай зборнай Лінас Кунігяліс і адвакат Віцяніс Дзегарайціс. «Няўжо мы вяртаемся у цёмныя часы "Віленскай брыгады", да часоў "дактараса" [злачынная групоўка ў Літве 1990-х]?!...»
Літоўскія грамадскія лідары і прадпрымальнікі заклікалі да рашучых захадаў супраць злачынстваў, магчыма звязаных з аднаўленнем актыўнасці арганізаваных злачынных груповак каб прадухіліць магчымыя новыя, яшчэ больш маштабныя, трагедыі.
Праваахоўныя органы Літвы праводзяць расследаванні і пакуль адмаўляюцца каментаваць сітуацыю.