29 сакавіка старшыню Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання Юрыя Дорна прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў, але апраўдалі паводле абвінавачання ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Яго пакаралі двума гадамі калоніі. Аднак паколькі ён год адбыў пад вартай, яму гэта залічылі паводле прынцыпу «адзін год за два».

Дорна вінавацілі ў нявыплаце падаткаў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. 21 сакавіка дзяржаўны абвінаваўца Таццяна Рак папрасіла ў суда пакараць Дорна пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама забараніць яму займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасцю цягам 5 гадоў.

Раней, выступаючы ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска з апошнім словам, Юрый Дорн часткова прызнаў сваю віну, у прыватнасці ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Абвінавачванне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў Дорн не прызнаў, назваўшы яго «надуманым», і заявіў, што яно «не вынікае з матэрыялаў справы».

Дорна затрымалі год таму, 13 сакавіка 2012 года.
Следчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: апроч атрымання хабару, перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленне ад выплаты падаткаў, выкраданне альбо пашкоджанне дакументаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі з здачай маёмасці ў арэнду.

Паводле матэрыялаў следства, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, дзе жыў Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх і належыць рабіну Заксу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?