У суботу, 11 жніўня, рух “За Свободу!” ладзіў пад Заслаўем пікнік — сустрэчу ўсіх прыхільнікаў руху. Прысутнічала каля трохсот чалавек. Мерапрыемства пачалося сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”, потым былі круглыя сталы, спартовыя мерапрыемствы, увечары — канцэрт з удзелам бардаў і рок-гуртоў: Касі Камоцкай, “Сцяны”, “Recha”, Зьмітра Вайцюшкевіча. Пад заслону зьявіўся автобус з амонам.

“За фэстам стала сачыла міліцыя — кажа намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч. — Потым яна накапіла сілы да трыццаці чалавек, падагналі автобус з амонам (таксама каля трыццаці чалавек), які ўварваўся проста на танцпляцоўку”. Міліцэйскія чыны патрабуюць усё спыніць, выключыць апаратуру, бо мерапрыемства нікім не санкцыянаванае.

Міліцыя правярае ўсе машыны, якія выяжджаюць з тэрыторыі. Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў пікніка трымаюць на танцпляцоўцы. Пакуль нікого не арыштоўвалі. “Прысутнасьць Мілінкевіча стрымлівае міліцыянтаў. Ім відавочна ня хочацца скандалу зь яго ўдзелам”, — кажа Ю.Губарэвіч.

Людзей трымалі на пляцоўцы, пакуль не была згорнутая гукаўзмацняльная апаратура. Пасьля гэтага міліцыя дазволіла пешай калёне і некалькім аўтамабілям з удзельнікамі пікніка пакінуць месца. Прычым машына з апаратурай адразу ж была затрыманая, у кіроўцы забралі правы.

“Нікому не даюць праводзіць ніякіх мерапрыемстваў, а тут мы правялі, і даволі ўдала, вось яны і шалеюць. Яны імкнуцца ўсё забараніць, нідзе ня даць нам месца”, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. Палітык усё ж ацэньвае дзень як удалы: “І спорт, і музыка, і арганізацыйны сход руху мы яшчэ раз правялі. Зьбіраемся зноў ісьці на рэгістрацыю”.

Апоўначы прыйшлі аўтобусы, каб адвезьці ўдзельнікаў пікніка ў Менск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?