У чацвер, 18 красавіка, у адным з маладзечанскіх двароў знайшлі андатру. Водная жывёліна невядома адкуль з’явілася ля падвальнага акна дома па вуліцы Талстога.
Аб госці, якая завітала у горад, паведамілі «Рэгіянальнай газетце» супрацоўнікі ЖРЭУ №2. Менавіта ў іх акенца і зазірнула андатра.
Здавалася б, справа простая: каб дапамагчы жывёліне, трэба яе вылавіць і адвесці ў бліжэйшы вадаём.
Па дапамогу спачатку звярнуліся ў МНС. Але там супрацоўнікам ЖРЭУ адказалі, што з такімі справамі варта тэлефанаваць не да іх.
Карэспандэнтка «РГ» пачала шукаць дапамогі ў іншых службах.
Спачатку вызваўся дапамагчы «Камунальнік», у абавязкі якога ўваходзіць вылоўліванне бадзяжных сабак. Але брыгада па вылоўліванні толькі адна, і на той момант яна працавала ў вёсцы Маркава. Колькі давядзецца яе чакаць — невядома. Да таго ж у іх няма спецыяльных прыладаў для вылоўлівання дзікіх жывёл.
Наступны крок — зварот да мясцовай паляўнічай гаспадаркі. Здавалася б, яна мае непасрэднае дачыненне да дзікіх жывёл. Але адтуль нас накіравалі па іншым адрасе. Цяпер – у інспекцыю па ахове прыроды.
Там дапамагчы таксама не змаглі.
Спачатку параілі: «проста злавіце яе, і хай плыве». Куды можа плыць андатра ў цэнтры горада — не ўдакладнілі.
Пасля параілі звярнуцца да афіцыйнага дакумента — распараджэння Маладзечанскага райвыканкама аб дапамозе дзікім жывёлам у бядзе. А таксама – патэлефанаваць начальніку ЖРЭУ, да якога адносіцца дом, у які завітала андатра.
Гісторыя з доўгімі тэлефанаваннямі прывяла нас да начальніка таго самага ЖРЭУ, да акна якога прыйшла андатра. Менавіта ён і дапамог у гэтай сітуацыі.
Ужо праз некалькі хвілін пасля званка нам паведамілі, што андатру злавілі і адвязуць у вадаём у Насілаве.
Атрымалася, жывёлінка і сама ведала, дзе знаходзіцца яе ратунак і прыйшла пад неабходнае акенца.
Ратаванне зацягнулася больш чым на тры гадзіны. Увесь час, пакуль адна службы перанакіроўвалі нас адна на адну, супрацоўнікі ЖРЭУ паспелі пасябраваць з андатрай, прапанаваўшы ёй і паесці, і папіць.