Мемарандум аб супрацоўніцтве падпісалі 4 мая ў Мінску парламенты Беларусі і Інданезіі.

Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і спікер Савета народных прадстаўнікоў Інданезіі Марзукі Алі.

«Гэты візіт важны, і не толькі ў плане развіцця двухбаковых адносін. Інданезія з'яўляецца для Беларусі значным партнёрам у прасоўванні нашай краіны ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі», — заявіў Андрэйчанка.

«Мы падпісалі мемарандум і, значыць, будзем больш цесна супрацоўнічаць профільнымі камісіямі па пытаннях заканатворчасці, будзе таксама падтрымка ў розных міжнародных арганізацыях», — цытуе беларускага спікера дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Беларускія і інданезійскія парламентарыі абмеркавалі шэраг пытанняў, у тым ліку аб стварэнні рабочай групы ў парламенце Інданезіі па супрацоўніцтве з парламентам Беларусі. У беларускім парламенце аналагічная рабочая група ўжо працуе.

«Абмеркавана пытанне аб адкрыцці пасольства Інданезіі ў Беларусі, давання права беларускім грамадзянам атрымліваць візы ў аэрапортах і марскіх портах Індынезіі. Дамовіліся паскорыць ратыфікацыю пагадненняў, якія былі падпісаныя падчас візіту прэзідэнта Беларусі ў Інданезію», — паведаміў Андрэйчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?