Група берасьцейскіх навукоўцаў перамагла ў конкурсе Праграмы малых грантаў Глябальнага экалягічнага фонду, які забясьпечвае ПРААН. Пагадненьне пра старт праекту «Захаваньне найбуйнейшай у Эўропе зімавальнай калёніі рукакрылых у заказьніку «Барбастэла» падпісалі прадстаўніца ААН у Беларусі спадарыня Джыхан Султаноглу ды старшыня Клейнікаўскага сельсавету Яўген Качан. Праект разьлічаны да траўня 2008 году.

Кажаны захапілі старыя бастыёны Берасьцейскай фартэцы амаль адразу, як адтуль сышлі людзі. Але заказьнік «Барбастэла» быў створаны толькі сем гадоў таму. І тое, на жаль, збольшага на паперы. Бо на вокнах і дзьвярах падзямельляў, дзе начуюць кажаны, не зьявіліся патрэбныя ў гэтых выпадках краты. У выніку невядомыя вандалы два гады таму залезьлі ў памяшканьні, аблілі жывёлак саляркай ды падпалілі. Загінула 400 кажаноў… Вось тады навукоўцы й пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць уратаваць найбуйнейшую ў Эўропе зімоўку рукакрылых. Па розных ацэнках, ад лістапада да сакавіка тут бывае пад 3000 кажаноў. Як мясцовых, гэтак і «імігрантаў» з Расеі ды Польшчы. Пяць відаў жывёл занесена ў Чырвоную кнігу.

На вылучаныя грошы плянуецца паставіць згаданыя ўжо краты, забясьпечыць паілкі, адсутнасьць скразьнякоў, а таксама стварыць як найбольш штучных нішаў, куды б кажаны маглі хавацца й спаць.

Першая частка гранту ўжо прыйшла. Але празь нейкія незразумеласьці атрымаць яго ў банку навукоўцы ня могуць… І вельмі перажываюць, каб пасьпець да лістапада — да пачатку найбуйнейшай у Эўропе зімоўкі кажаноў.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0