Уступленне Расіі ў СГА не апраўдвае зніжэнне беларускага экспарту. Пра гэта сёння на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловага комплексу і рэалізацыі беларускай прадукцыі заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Спадзявацца на тое, што Расія, наш асноўны партнёр, ўступіла ў СГА ці ж што Еўропа і тая ж Расія ахоплены крызісам, не трэба. Мы пра гэта ведалі даўно, гэта ўсё старое як свет», — сказаў ён. «А спасылацца на тое, што мы не можам канкураваць у Расіі з таварамі усяго свету, гэта проста смешна», — падкрэсліў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён спытаў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, хто для Беларусі з’яўляецца першым партнёрам па экспарце тавараў.«Асноўны наш гандлёвы партнёр — Расійская Федэрацыя. У напрамку ЕС мы паступова павялічваем гэтыя аб’ёмы. Прапорцыя цяпер блізкая да значэння 50/50 — краіны СНД, Еўрасаюз і далёкае замежжа», — паведаміў прэм’ер-міністр.

«Еўрасаюз сёння займае тую ж удзельную вагу па экспарце, што і Расія, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але што, ЕС учора ўступіў у СГА? Мы туды прадавалі прадукцыі, канкурыруючы, столькі ж, колькі прадавалі ў Расію. Вось і ўсе вашыя фактары і спасылкі на СГА расійскае».

«Гонім аб’ёмы, павялічваючы тым самым склады. Гэта факт», — заўважыў ён.

Паводле слоў Лукашэнка, на нарадзе неабходна абмеркаваць найбольш вострыя пытанні развіцця прамысловага комплексу. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра фактары, якія стрымліваюць якасны эканамічны рост гэтага сектара эканомікі. «Мы сёння павінны знайсці ісціну. Факт ёсць факт — рост складскіх запасаў у наяўнасці», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў далажыць яму пра тое, што адбываецца на фінансавым рынку ў сувязі з неспрыяльнай атмасферай у эканоміцы. «І як вынік, барані Вас божа ад сацыяльнай напружанасці ў працоўных калектывах», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?