Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання даручана ўнесці змены ў ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадуктыўных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, гэтыя змены прадугледжваюць права фермерскай (сялянскай) і асабістым падсобным гаспадаркам грамадзян пры ўмове захавання ветэрынарна-санітарных правілаў самастойна праводзіць забой сельскагаспадарчых жывёл. Забой павінен ажыццяўляцца пад кантролем ветэрынарнага ўрача з абавязковым правядзеннем ветэрынарна-санітарнай экспертызы, падкрэсліваецца ў дакуменце.

У распараджэнні таксама прапісана патрабаванне па арганізацыі аператыўнага выезду ў фермерскія (сялянскія) і асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян, якія займаюцца вырошчваннем прадуктыўных жывёл, ветэрынарных спецыялістаў для правядзення клінічнага агляду жывёл з выдачай ветэрынарных суправаджальных дакументаў.

Беларускаму рэспубліканскаму саюзу спажывецкіх таварыстваў сумесна з аблвыканкамамі даручана прыняць рашэнне аб зніжэнні не менш чым на 20% кошту паслуг за забой і транспарціроўку сельскагаспадарчых жывёл, а таксама прыняць дадатковыя меры па павелічэнні колькасці пунктаў забою жывёлы, прадугледзеўшы іх у кожным аграгарадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?