Траціна абітурыентаў сёлета хацела, але на зможа паступіць ва ўнівер: маладыя людзі не маюць неабходных 15 балаў па фізіцы і матэматыцы. На тэхнічных факультэтах хвалююцца: не хопіць студэнтаў.

«На педагагічных спецыяльнасцях вялікія праблемы будуць.
Яшчэ летась на „навукова-педагагічную дзейнасць“, на фізіку быў недабор. Чалавек пяць не дабралі, нават на бюджэт», — адказваюць Еўрарадыё на фізіка-матэматычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.

На фізфаку БДУ ўпэўненыя: мяжа ў 15 балаў была патрэбная, каб не вучыць двоечнікаў. Але таксама прагназуюць недабор.

«Калі траціна людзей не можа асіліць матэматыку, ну што тады рабіць… Нельга далей апускаць планку», — кажуць на фізфаку.

І наракаюць, што летась недабор быў амаль па ўсіх тэхнічных спецыяльнасцях. Пры гэтым у мінулым годзе, каб паступіць, трэба было набраць 7 балаў на тэсціраванні. Гэтага не змаглі зрабіць 3 тысячы тых, хто здаваў фізіку і 11 тысяч гора-матэматыкаў.

Вынікі тэстаў не горшыя за леташнія, адразу кажуць у Міністэрстве адукацыі. Таму што тут налічылі 46 выдатнікаў па фізіцы і 146 па матэматыцы. Гэта рэкорд!

«Калі выстаўлялі неабходныя для паступлення балы, мы ж падлічвалі неабходную колькасць людзей, якія патрэбныя у эканоміцы краіны. Асноўная мэта — гэта бюджэтныя месцы, якія патрэбныя ў краіне. А калі ён не цягне, то хто ж дапаможа», — тлумачаць у міністэрстве.

І прыгадваюць вынікі па фізіцы. Маўляў, 37% не набралі неабходныя балы. Але 63% — набралі!

Універсітэты сёлета застануцца без студэнтаў, дае невясёлыя прагнозы рэпетытар Яўген Лівянт. Але заданні на тэставанні ацэньвае добра: усё адпавядала школьнай праграме.

«Тэсты па фізіцы былі ідэальныя, іх можна было зрабіць. І па матэматыцы тэсты добрыя. Калі вучань рыхтаваўся, ён мог здаць. І столькі выдатнікаў ніколі не было.

А вялікі адсотак тых, хто не набраў 15 балаў — гэта нізкі ўзровень адукацыі. Педагагічныя ВНУ не набяруць студэнтаў, завочнае аддзяленне не набярэ».

Сёлета і без таго на цэнтралізаванае тэставанне запісаліся 117 тысяч абітурыентаў, а летась была 141 тысяча.

Вынікі тэставання сёлета і летась

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?