Афіцыйны сайт нашай краіны Belarus.by даводзіць да замежнікаў, што Беларусь здаўна славіцца ільнянымі тканінамі, сімвалічнымі ручнікамі, унікальнымі вырабамі з саломы, гліны і дрэва, валёнкамі і шапкамі з аўчыны.
«Наша Ніва» пацікавілася ў гандляроў і турыстаў, што, на іх думку, павінна ўвайсці ў сапраўдны топ-5 беларускіх сувеніраў.
Першае месца: матрошка
Бясспрэчнае лідарства на сувенірнымі рынку за… матрункамі. Гандлёвыя кропкі на сярэднім узроўні
ГЦ «Сталіца» прапануюць багаты асартымент на розны густ і таўшчыню кашалька.
Менавіта ў «Сталіцу» па сувеніры завітаў турак Азгюр, які ўпэўнены, што галоўны сімвал Расіі і Беларусі — менавіта матрошка. Дадому ў Анталію ён павёз адразу пяць маленькіх прычапных матрошак па 28100 рублёў.
Прадавачкі пагаджаюцца: хітом продажаў крамы «Вернісаж падарункаў» — найбуйнейшага сувенірнага павільёна падземнага горада — сталі міні-матрошкі.
Другое месца: гарэлка
Персанал двух фірмовых крамаў «Крышталь» сыходзіцца ў меркаванні, што гарэлка «Мінская» — экспартны прадукт, разлічаны на турыстаў. Сувенірная бутэлька ў скураной «вопратцы» з выявай Нацыянальнай бібліятэкі каштуе 122 000 рублёў.
Нягледзячы на Рамадан, турак вырашае набыць чатыры пляшкі гарэлкі ў падарунак сябрам. Азгюр перажывае, што узяць больш не дазволяць памежнікі. І раптам узгадвае, што ягоны сябра неяк здолеў правезці ў Турцыю ажно 15 бутэлек беларускай гарэлкі!
Гэта думка яго падба-дзёрыла, аднак замест сувенірнай «Мінскай», госць з гарачага поўдня бярэ знаёмую на смак і па форме бутэлькі «Белавежскую» за 44 000 рублеў.
Трэцяе месца: магніты
Пакуль замежнікам цяжкавата адшукаць, дзе ў Мінску прадаюцца сувеніры. Напрыклад, мала хто з англамоўных турыстаў здагадваецца, што магніцікі на лядоўню можна набыць у кожным кіёску «Белсаюздруку».
Кіяскёры прызнаюцца, што найлепш бяруць танныя магнітныя «паштоўкі» з відамі Мінска па 6000 рублеў.
Есць у Мінску і магніты «на аматара»: у адной з прыватных кропак ГЦ «Сталіца» магніты з партрэтамі Пуціна, Абамы і Сталіна ляжаць побач з мінскімі пейзажамі. Каштуюць аднолькава — па 30 000 рублёў.
Чацвёртае месца: бялізна
Фірмовыя крамы «Лянок» прапануюць двухспальныя камплекты пасцелі з шэрага льну па 722 000 рублёў. Аршанскую бялізну раскупляюць нашмат лепш за нацыянальныя беларускія ручнікі. Асноўныя кліенты — кітайцы і расейцы.
Пятае месца: кераміка
Плакетка (гліняны кругляк) з выявай бусла і надпісам «Беларусь» — сувенір нумар адзін, але папулярнасць мае ў асноўным сярод расейцаў. Каштуе 52 050 рублёў.
Увогуле, нашыя ўсходнія суседзі часта набываюць сувеніры з надпісамі па-беларуску ці пазначаныя словамі «Беларусь», «беларускі». Напэўна, яны разумеюць гэта як знак якасці.
Дадамо, што дырэкцыя чэмпіянату свету па хакеі падпісала 62 ліцэнзійныя дамовы на выпуск тавараў з афіцыйнай сімволікай турніра. Статус афіцыйнага пастаўшчыка сувенірнай прадукцыі мае шведская кампанія NEH. Цяпер са шведамі ўзгадняюцца ўмовы паставак і рэалізацыі сувеніраў. Некаторыя тавары з лагатыпам Minsk 2014 — напрыклад, сцяжкі, значкі і льняныя сурвэткі — ужо можна набыць у крамах.