Па выніках працы ў першым паўгоддзі рэгіёны Беларусі недаатрымалі ў агульнай складанасці 20 трыльёнаў рублёў. Такая лічба была названа 6 жніўня на пасяджэнні Савета міністраў Беларусі, паведамляе прэс-служба ўрада.

Гэта адбылося з-за невыканання заданняў па росце валавога рэгіянальнага прадукту ўсімі рэгіёнамі. У прыватнасці, як адзначалася на пасяджэнні, не выконваюцца даручэнні ўрада па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў з колькасцю працоўных менш як 50 чалавек на кожным. А замест практычнага выпраўлення сітуацыі кіраўнікі абласцей звяртаюцца ва ўрад з просьбай выдзеліць дадатковыя сродкі на вырашэнне праблем.

«Варта яшчэ раз нагадаць, што бюджэт зацверджаны і рэзерваў ва ўрада няма, і не можа быць па заканадаўстве», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Прэм’ер, у прыватнасці, паставіў задачу арганізаваць эфектыўную працу галін у сферы інавацыйнага развіцця. Сёлета бюджэт інавацыйных фондаў краіны складае 2,5 трыльёна рублёў, аднак у рэгіёнах гэтыя сродкі часта расходуюцца не па прамым прызначэнні.

«Было б не лішнім праверыць правільнасць зрасходавання гэтых сродкаў і праверыць праекты на адпаведнасць інавацыйнасці», — сказаў Мясніковіч.

Новая эканоміка — гэта паскоранае развіццё сектараў на мясцовых рэсурсах, падкрэсліў ён. Ужо ў 2013 годзе неабходна атрымаць рэальную аддачу ад вялікіх дзяржаўных сродкаў, укладзеных у іх развіццё, дадаў кіраўнік урада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?