«Транснефть» на гэтым тыдні паведаміла, што ў верасні скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тысяч тон, нібыта ў сувязі з рамонтнымі работамі на нафтаправодзе «Дружба». Аднак заява расійскіх нафтаправодаў успрымалася як рэакцыя на арышт беларускімі ўладамі гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Паказальна, што адначасова прагучалі пагрозы Анішчанкі з Рассельгаснагляду абмежаваць пастаўкі беларускага малака.

У гэтай сітуацыі

кіраўнік расійскага дзяржаўнага нафтавага гіганта «Роснефть» Ігар Сечын выступіў на баку кіраўніцтва Беларусі. «Роснефть» можа панесці страты ад зніжэння паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале на ўзроўні 20 мільёнаў даляраў, перадае словы Сечына агенцтва РІА «Новості».

«Яны сказалі, што за квартал хочуць знізіць аб’ём прапампоўвання. Мы папрасілі ўдакладніць, каго гэта датычыць і звярнулі ўвагу на канечнасць выканання кантрактных абавязкаў — і нашых перад беларускім бокам, і іх перад намі. Мы разумеем, што ёсць форс-мажор, але тады яны нам павінны сказаць, што гэта за форс-мажор, мы гэта ацэнім. Будзем глядзець. Можа быць, мы вагонамі тады адправім, я маю на ўвазе, цыстэрнамі», — сказаў Сечын.

Са словаў Сечына, кіраўніку «Транснефті» Мікалаю Токараву ўжо высланы зварот з просьбай растлумачыць сітуацыю.

«Мне трэба на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, на свой актыў, пастаўляць сырую нафту. Калі яны будуць скарачаць аб’ёмы пастаўкі прапарцыйна, я больш за ўсіх пацярплю. Таму я чакаю тлумачэнняў. Я мяркую, што мы павінны карэктна працаваць», — сказаў Сечын.

Сечын належыць да групы былых сілавікоў у атачэнні Уладзіміра Пуціна.
Раней ён працаваў віцэ-прэм’ерам, разглядаўся ў якасці магчымага пераемніка Пуціна. З часам ён перасеў у «Роснефть» — аналаг «Газпрома» ў нафтавай сферы.
«Роснефть» валодае 42,58% акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Перапрацоўка нафты ў Беларусі або яе рээкспарт праз Беларусь — важная крыніца ўзбагачэння расійскіх чыноўнікаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?