Следчы камітэт рыхтуецца выставіць прэтэнзіі працаўнікам Беларускай калійнай кампаніі, грамадзянам нашай краіны.

Яны, па звестках следства, уступілі ў змову з прадстаўнікамі расійскай кампаніі «Уралкалій» і прымалі непасрэдны ўдзел у іх справах.

Як паведамляе «Ежедневник», канкрэтныя прозвішчы пакуль не называюцца, але вядома, што гэта будуць службовыя асобы Беларускай калійнай кампаніі. І іх вельмі шмат. Нібыта, рыхтуюцца затрыманні.

«Яны купілі там усіх, таму інфармацыя доўгі час і не выходзіла за межы БКК», — цытуе выданне ананімную крыніцу ў Следчым камітэце. Атрымліваецца, што прасцей назваць тых, хто не ўдзельнічаў у махінацыях, чым тых, хто цяпер пад падазрэннем.

Гаворка ідзе ў тым ліку і пра асобаў, якія ўнесеныя ў кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы і якія стаялі каля кіраўніцтва БКК альбо кантралявалі яе дзейнасць. Для таго, каб такіх людзей прыцягнуць да адказнасці, патрэбны дазвол асабіста Аляксандра Лукашэнкі. І якраз гэтага дазволу чакае Следчы камітэт.

Нагадаем, кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар «Уралкалія» нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. У вышук праз Інтэрпол абвешчаны асноўны акцыянер «Уралкалія» Сулейман Керымаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?