Канваір ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барабанаў заняў другое месца на першым рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафмайстэрства.
Абышоў яго толькі калега з Оршы.
Як расказаў карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» намеснік начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Дзяніс Семянец, канкурсанты спаборнічалі ў фізічнай, агнявой, медыцынскай падрыхтоўцы, рашалі тэсты на веданне нарматыўных актаў, што рэгламентуюць іх дзейнасць.
Аляксандр Барабанаў — патомны праваахоўнік. Яго бацькі доўгі час адпрацавалі ў папраўчай калоніі № 14, што ў Навасадах Барысаўскага раёна, а старэйшы брат — супрацоўнік Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці.
Дзед таксама быў праваахоўнікам — служыў участковым у Барысаве.
Прапаршчык А. Барабанаў пачынаў службу ў следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага.
Потым некаторы час працаваў у папраўчай калоніі №1. Калі ў 2011-м яе ліквідавалі, перавёўся ў ІЧУ.