Беларускія банкі працягваюць павялічваць прыбытковасць па рублёвых дэпазітах насельніцтва, працэнтныя стаўкі ў асобных камерцыйных банках дасягнулі 50% гадавых.

Пра павышэнне працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах насельніцтва ў канцы мінулага тыдня абвясцілі дзяржаўныя банкі, якія выступаюць найбуйнейшымі трымальнікамі сродкаў насельніцтва.

Так, «Беларусбанк» прыняў рашэнне аб павышэнні 27 верасня працэнтнай стаўкі па ўкладзе «Гарантаваны даход» з 40% да 45% гадавых. «Белаграпрамбанк» павялічыў стаўку па дэпазітах насельніцтва з 43% да 45% гадавых (па ўкладзе «Старт»).

У сваю чаргу, у рознічных банках стаўкі па рублёвых дэпазітах насельніцтва дасягнулі чарговага максімуму. Так, «Дэльта Банк» па ўкладзе «Летні экспрэс» устанавіў працэнтную стаўку на ўзроўні 50%. Мінімальная сума дэпазіту па гэтым узносе складае 100 млн. рублёў.

«Ідэя Банк» для сваіх пастаянных кліентаў прапанаваў новы дэпазітны прадукт («Шчодры ўраджай 2»), працэнтная стаўка па якім таксама складае 50% гадавых.

Паводле слоў банкіраў, рост працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах абумоўлены дэфіцытам рублёвай ліквіднасці ў банкаўскай сістэме.

Паводле даных Нацбанка, стаўка па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у рублях перавышала ў канцы мінулага тыдня 57% гадавых.

Як паведамлялася раней, паводле звестак на 1 верасня тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце складалі 22 трлн. 657 млрд. рублёў і павялічыліся за жнівень на 1 трлн. 355,4 млрд. рублёў. Рост рублёвых укладаў адбыўся пасля ліпеньскага павышэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.

Нагадаем, што пасля росту ў студзені—маі рублёвых укладаў насельніцтва ў чэрвені гэты працэс спыніўся, а ў першай дэкаде ліпеня на фоне росту курсу долара назіраўся адток сродкаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце з банкаў.

Рэагуючы на гэта, камерцыйныя банкі ў другой дэкадзе ліпеня масава павялічылі працэнтныя стаўкі па ўкладах, пасля чаго ў трэцяй дэкадзе ліпеня рост рублёвых дэпазітаў аднавіўся.

На працягу жніўня камерцыйныя банкі захоўвалі максімальныя стаўкі па рублёвых укладах на ўзроўні 35% гадавых. Аднак у верасні на фоне дэфіцыту рублёвай ліквіднасці банкі зноў прынялі рашэнне аб павышэнні працэнтных ставак.

Паводле меркавання беларускіх эканамістаў, дэфіцыт рублёвай ліквіднасці ў банкаўскай сістэме абумоўлены жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай, якую праводзіць Нацбанк.

«Высокія стаўкі на міжбанку — вынік дзеянняў Нацбанка, які, спрабуючы абараніць курс нацвалюты ад абясцэнення, абмяжоўвае ўзровень рублёвай ліквіднасці», — лічыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?