Ілюстрацыя Hanny Kruk

Ілюстрацыя Hanny Kruk

14 кастрычніка 2013 года святкуе сваё 70-годдзе Гары Паганяйла – адзін з самых знакамітых беларускіх юрыстаў.

«Наша Ніва» ўзгадвае пяць цікавых фактаў пра вядомага праваабаронцу.

Народжаны ў турме

Гары Пятровіч нарадзіўся ў 1943 годзе ў экзатычным для беларусаў месцы. «Станцыя Плісецкая Архангельскай вобласці», – запісана ў яго пасведчанні аб нараджэння. Гэта была турма для рэпрэсаваных.

Маці Гары, полька Лідзія Паганяйла, была ў шлюбе тройчы. Прозвішча яна атрымала ад другога мужа. Іван Паганяйла даслужыўся да буйнога военачальніка, аднак у 1937 годзе, пасля арышту ягонага непасрэднага начальніка Іераніма Убарэвіча, быў абвінавачаны ў шпіянажы і здрадзе дзяржаве. Жонка паехала ў Маскву да сябра сям’і Клімента Варашылава па дапамогу, аднак апынулася ў турме сама.

Расстрэльны прысуд толькі ў апошні момант замянілі на пятнаццацігадовы тэрмін.

Лідзія Паганяйла адбывала яго на поўначы Архангельскай вобласці. Там ад трэцяга мужа і нарадзіўся Гары. Сваё імя ён атрымаў у гонар нейкага амерыканскага скрыпача.

Першыя тры гады жыцця хлопчык правёў на тэрыторыі лагера, а пасля да заканчэння школы быў то ў адным, то ў другім дзіцячым доме.

 Грэка-рымскі барэц

Маці Гары адседзела ў лагерах роўна 15 гадоў. Пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе яна атрымала ў якасці кампенсацыі кватэру ў Мінску. Праз некалькі гадоў, скончыўшы школу, да яе пераехаў Гары. У сталіцы Беларусі ён уладкаваўся на завод, пасля на тры гады трапіў у армію, а вярнуўшыся, паступіў на юрфак БДУ.

Юнацтва ў дзіцячым доме загартавала Гары. Выглядаць слабым там было нельга. Дзіцячыя бойкі да першай крыві, маржаванне падчас службы ў арміі, заняткі спортам - усё гэта дазваляе 70-гадоваму юрысту дагэтуль трымацца ў форме.

У школе ён захапляўся боксам, пасля барацьбой. Гары быў членам беларускай моладзевай зборнай па грэка-рымскай барацьбе і чэмпіёнам БДУ.

 Спецыяліст па гучных справах

Адвакат на Касцюковіччыне, суддзя на Быхаўшчыне, следчы ваеннай пракуратуры, начальнік аддзела адвакатуры міністэрства юстыцыі БССР, кіраўнік юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска, прэзідэнт Саюза юрыстаў Беларусі… – кароткі пераказ «творчага шляху» Гары Паганяйла да адвакацтва

За больш за 40 гадоў працы ён займеў статус самага вядомага адваката Беларусі. Паганяйлу даводзілася дапамагаць Славаміру Адамовічу, Тамары Віннікавай, Паўлу Шарамету і Змітру Завадскаму, Міхаілу Чыгіру, Васілю Старавойтаву, Андрэю Клімаву… Адвакат зарабіў сабе імя як бескапрамісны змагар за правы сваіх падабаронных. Калі ў судзе Паганяйла - то ён будзе біцца да апошняга.

Былі і іншыя кліенты – напрыклад, на пачатку 1990-ых Паганяйла быў адвакатам міністра абароны Паўла Казлоўскага, які падаў пазоў супраць газеты «Звязда», яе журналіста Міколы Дзябёлы і кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, інтэрв’ю з якім была апублікавана ў выданні. Праўда, пасля таго, як Лукашэнка перамог на выбарах, Казлоўскі адклікаў пазоў.

А на палітычных інтэрнэт-форумах часцяком нагадваюць, што да Паганяйлы ў 1990-ыя звярталіся па дапамогу «злодзеі ў законе». Што ж, права на абарону ў судзе ёсць у кожнага грамадзяніна.

 Выязны пасля забароны

Адносіны з лукашэнкаўскім рэжымам у Паганяйлы не склаліся. У 1998 годзе, праз паўгоду пасля вынясення даволі ліберальнага прысуду Шарамету і Завадскаму (умоўны тэрмін і вызваленне ў залі суда), у яго забралі беларускую адвакацкую ліцэнзію.

У тым жа годзе Паганяйла стаў намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта – адной з двух найбуйнейшых праваабарончых арганізацый краіны. У гэтай арганізацыі юрыст застаецца дагэтуль, нейкі час спалучаўшы працу ў БХК з практыкай у Маскве.

У 2012 годзе Паганяйла трапіў у спіс невыязных з Беларусі.

Яму заявілі, што гэта нібыта адбылося на падставе… справы аб банкруцтве. Праз тры месяцы праваабаронца дамогся афіцыйных прабачэнняў ад начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна і атрымаў даведку пра тое, што выключаны з базы невыязных.

 Узорны сем’янін

Гары Паганяйла разам з жонкай падбіраюцца да залатога вяселля. У іх двое дзяцей і чацвёра ўнучак.

Дачка Алена пайшла па слядах бацькі, стала юрыстам. Сямейным падрадам яна нават выдалі юрыдычны дапаможнік. А вось сын стаў тэхнаром.

* * *

 «Наша Ніва» віншуе Гары Пятровіча з юбілеем!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?