Чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы лічацца адным з найважнейшых індыкатараў здароўя беларускага фінансавага рынку.

Гэта розніца паміж усімі «багаццямі» банкаў — золатам, замежнымі дэпазітамі, каштоўнымі паперамі — і абавязальніцтвамі перад замежжам.

У Беларусі апошніх гадоў праблемы ўзнікаюць, як толькі ўзровень гэтых актываў падае ніжэй за $2 мільярды.

Упершыню гэта здарылася ў пачатку 2009 і адлюстравалася ў 20%-най дэвальвацыі рубля. Прычым эканоміку гайдала ўвесь год.

На мяжы $2 мільярдаў чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы вагаліся і летам 2010, калі ў дзяржавы часам бракавала грошай нават на тое, каб расплаціцца за газ.

Крутое піке чакала эканоміку ў 2011. Актывы скаціліся за «неабходны паказчык» яшчэ за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У маі 2011 яны складалі катастрафічныя -$2,5 мільярда.

І вось цяпер індыкатар сігналізуе пра небяспеку чарговага абвалу. Праблемы пачаліся яшчэ год таму, аднак падушка бяспекі дазваляла не заўважаць іх. Апошнія месяцы актывы скарачаліся на $500—600 мільёнаў штомесяц.

А ў верасні падзенне дасягнула $850 мільёнаў!

У выніку чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы апусціліся да $76 мільёнаў. Калі дынаміка не зменіцца, то яны ўжо ў гэтым месяцы апынуцца на адмоўным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?