З нагоды артыкулаў Сяргея Дубаўца й Віталя Тараса ў «НН» (аб неабходнасьці і своечасовасьці пераходу на адзіны правапіс). Піша Зьміцер Саўка.

І вадзіў Майсей народ свой па пустэльні сорак гадоў, і прытаміўся ён, і зьвярнуўся да народу свайго ды сказаў: «Усё, хлопцы, досыць, вяртаемся назад у Эгіпет, да фараона». І прыступіўся да яго народ ды пытае: «Чаго ж так?» І адказаў ім Майсей: «Хадзілі мы сорак гадоў, а бальшыня народу нашага так і не пайшла за намі, засталася ў няволі эгіпецкай». І сказалі людзі: «То як жа цяпер наконт зямлі абяцанай?» І адказаў ім Майсей: «Ня гэтым разам, мальцы, ня гэтым разам… Заблудзіўся я».

Біблія паводле С. Дубаўца. Частка «Зыход і вяртаньне». Разьдзел 3 (апошні?)

Пачаткова мне хацелася напісаць пра здраду, пра паражэнства й капітулянцтва, пра нож у сьпіну й стрэл у плечы, пра стому й зьнявераньне, пра хаваньне ўласнага я за безаблічна‑абагульненым мы. Аднак сканцэнтруюся на некаторых цьверджаньнях, якімі апэруе сп. Дубавец.

С.Д.: Неўзабаве новыя правілы стануць законам.

Яшчэ 25 жніўня 2006 году БелТА, а за ёю ўсе, каму яшчэ дазволена вяшчаць, абвясьцілі: праз 2 тыдні прэзыдэнт падпіша адпаведны дакумэнт. Два тыдні цягнуцца ўжо больш за год, а паводле старшыня камісіі ПП У.Здановіча, «закон должен вступить в силу 1.09.2010» («КПвБ». 8.08.2007). Ды праз 3 гады, як гаворыцца ва ўсходнай прыпавесьці, мо ці шах памрэ, ці асёл здохне… А Сяргей заклікае бегчы паперадзе паравозу.

С.Д.: Візуальна гэта будзе мадэрнізаваная «наркамаўка». За тым выключэньнем, што ў нас, прыхільнікаў «тарашкевіцы», больш няма падставаў для этычнага канфлікту.

Гэта будзе ня толькі візуальна, але й па сутнасьці «наркамаўка».

С.Д.: Новыя правілы дадуць нам падставу гаварыць пра адну беларускую мову на постсавецкім этапе яе разьвіцьця.

Беларуская мова й так адна. Сяргей сьвядома ці несьвядома блытае мову ў цэласьці і адзін зь яе разьдзелаў — артаграфію. І не адзін ён, — гэта характэрна ці не для паловы дыскутантаў. У нас няма праблемы, зь якою жывуць, напрыклад, грэкі (суіснаваньне старагрэцкай і навагрэцкай моваў) або кітайцы (яны размаўляюць на сямі розных мовах, аднак герагліфіка дазваляе ім карыстацца адзінаю пісьмоваю сыстэмаю). І ня варта гэтую праблему выдумляць.

С. Д.: агульнанацыянальны моўны працэс.

А што вы думаеце пра гэта?
Пішэце нам. Наш адрас: а/с 537, 220050, Менск. е‑mail: [email protected].
Факс: (017) 284‑73‑29.

Яго няма. Навуковыя канфэрэнцыі ператварыліся ў кваліфікацыйныя паседжаньні. Часам у канфэрэнцыйнай залі сядзяць толькі кандыдаты ў кандыдаты: самі сабе прачыталі свае тэзы, самі сабе не задалі ніводнага пытаньня па сутнасьці агучанага, самі скінуліся па $10 на зборнік тэзаў — бінго, ёсьць па яшчэ адной пазыцыі ў сьпіс публікацыяў да дысэртацыі.

Інстытут мовазнаўства жыве пад штодзённаю пагрозаю быць пераведзеным на балянс аднаго з унівэрсытэтаў, што дэ‑факта азначала б зьнішчэньне інстытуту (так фактычна зьнік Скарынаўскі цэнтар, перададзены БДПУ). Унівэрсытэцкая ж навука (прынамсі ў галіне мовазнаўства) ледзь ліпіць.

С. Д.: Што замінае нам прыняць новыя правілы ў якасьці адзіных?

1. Іх недасканаласьць і супярэчлівасьць. Толькі пару прыкладаў зь Міністэрскага праекту: у § 15.3 знаходзім напісаньне Нью‑Ёрк, затое ў § 18.1 — Нью‑Йорк, а ў § 22.23 зноў — нью‑ёркскі. У § 17.4 — пяцьдзясят, шэсцьдзясят, але ўжо ў § 60.1 — пяцьдзесят, шэсцьдзесят. І такога бязладзьдзя там поўна. Дык зь якім напісаньнем кансалідавацца?

2. Факт іх «новасьці» — артаграфічныя правілы ня можна безупынна перарабляць і падгаблёўваць.

3. Кулюарны характар іх выпрацоўваньня. Нават Інстытут мовазнаўства адсунуты ад рыхтаваньня дакумэнту.

4. Карны кампантэнт будучага закону. Ні сталінская пастанова 1933 г., якая паклала пачатак артаграфічнаму расколу, ні хрушчоўская пастанова 1957 г. ня ўтрымлівалі разьдзелу аб пакараньні за парушэньне нормы.

5. Насьцярожанасьць у дачыненьні беларускай мовы з боку ўладаў («А, гэта ўсё бээнэфаўцы!»).

6. Абыякавасьць пераважнай часткі грамадзтва да праблемы мовы.

***

Рана ці позна майсеі сыходзяць — фізычна ці духова. А народ працягвае ісьці да зямлі абяцанай.

Зьміцер Саўка

(скарочана)

* * *

Камэнтар Сяргея Дубаўца

Няхай будзе так, прызнаю сваю здраду, капітуляцыю і нават Майсея твайго вешаю на сябе. Але зусім не мая сьціплая пэрсона прадмет гэтай дыскусіі. Што? Скажу крыху пазьней. Спачатку колькі словаў пра саму дыскусію. Яе ўдзельнікі падзяліліся на два лягеры, два спосабы размаўляць. Фігуральна кажучы, адныя гавораць кропкамі (як ты, Зьміцер), другія — коскамі (з чаго я й пачаў). Мяне цікавіла ня тое, кім, якім чынам і што там дзе распрацоўваецца. Не пра тое гаворка. Аўтару кожнай «кропачнай» тырады мне хочацца задаць пытаньне: «А што ты прапануеш?» І паколькі я адказ даўно ведаю (не чапаць! — што значыць, — нічога), дык вось жа і ўзяўся за пяро. Ніякай відзежы моўнае будучыні ты, Зьміцер, не прапануеш. Год не прапануеш, два гады, пяць гадоў… А я, апроч заняпаду агульнае сытуацыі, нічога іншага ня бачу. І тут пераходжу да прадмету дыскусіі.

Дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў таму ў Беларусі стварылася рэальная сытуацыя правапіснага распадзелу, які адыгрываў зусім не мовазнаўчую ролю. У часы рэальнае пагрозы незалежнасьці краіны мы мусілі ўсімі сіламі мацаваць беларускую адрознасьць ад расейшчыны, каб новае пакаленьне візуальна адчула, што беларус — ня «тоже русский», як пра тое казала афіцыйная прапаганда. Сёньня яна гаворыць пра «незалежную Беларусь» — фальшыва, вядома, але сам панятак беларускай незалежнасьці замацаваўся ў розумах нацыі. Наступны крок — напоўніць гэты панятак беларускім зьместам, навучыць адрозьніваць усё беларускае ад усяго расейскага. Вось чаму калі 10 гадоў таму «тарашкевіца» ў якасьці альтэрнатывы афіцыёзу адыгрывала цалкам пазытыўную ролю, дык сёньня яна — у той самай ролі — стала раскольніцкай і разбуральнай. Інтэнцыя беларушчыны ў розумах усяго народу сёньня настолькі слабая, што «грэцкі» або іншы падвойны варыянт проста не «загрузіцца», кажучы па‑кампутарнаму, у галовы. Што мы й бачым. Паміж моваю школы і мовай асьветніцкае літаратуры не павінна быць розьніцы. Нельга ад усяго народу чакаць высілкаў элітарнага характару. Асабіста мне ў задзіночаньні мовы школы і асьветы бачыцца найбольш плённы для беларушчыны шлях. Можа быць, ты бачыш нейкі іншы шлях, Зьміцер?

І, вяртаючыся да Майсея, хачу ўдакладніць параўнаньне. Рэч у тым, Зьміцер, што гэта не Майсей у нас павёў народ у зямлю абяцаную, а два дзясяткі майсеяў, аддзяліўшыся ад народу, самі сабою рушылі ў паход. Некаторыя й сёньня ўспрымаюць сваю «тарашкевіцу» як подзьвіг, як змагарны чын, хоць гэта ўсяго толькі рабочае пытаньне, і думаць варта было б пра заўтрашні дзень. Што да мяне, дык я проста ня бачу сэнсу ў сваім перабываньні сярод майсеяў, а бачу толькі шкоду для агульнае справы.

Ня думаю, што ў мовазнаўчай дыскусіі ў нас з табой, Зьміцер, было б шмат разыходжаньняў. Але я паставіў тут зусім не мовазнаўчыя пытаньні. Падобна, што сродкамі мовазнаўства на іх адказаць немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0