«Сітуацыя ў Беларусі павінна змяніцца, і ключ да гэтых змен — у руках беларускіх уладаў», — заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас, выступаючы 29 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі» ў Вільні.

Ён падкрэсліў, што самае галоўнае патрабаванне ЕС застаецца нязменным — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

Крывас адзначыў, што Літва падтрымлівае «палітыку крытычнага ўзаемадзеяння», якую ЕС праводзіць у дачыненні да Беларусі.

Еўрасаюз, паводле слоў літоўскага чыноўніка, адзначае некалькі пазітыўных захадаў з боку Беларусі — у прыватнасці вітае згоду Мінска на аднаўленне працы шведскага пасольства ў Беларусі. «Мы заўважылі, што Беларусь не далучылася да дыскрымінацыйных эканамічных мер, якія Расія прымяняла супраць Украіны і Малдовы. Мы таксама вітаем, што Беларусь працуе над пытаннем прызнання тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі», — сказаў Крывас.

Ён нагадаў, што ЕС прапанаваў Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму, і выказаў надзею, што беларускі бок усё ж прыме гэтую прапанову.

Намеснік кіраўніка літоўскага МЗС выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што запрошаныя на цяперашнюю канферэнцыю ў Вільню міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і яго намеснік Алена Купчына не прыехалі.

«Хоць я разумею і паважаю адчувальнасць беларускіх калегаў — сёння тут будзе гучаць шмат крытычных выказванняў. Але важна таксама разумець, што для прагрэсу неабходна весці дыялог», — падкрэсліў Крывас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?