Гурт на чале зь Сяргеем Міхалком у час прома-кампаніі свайго беларускамоўнага альбому «Грай» вырашыў пісацца па-беларуску як «Ляпіс Трубяцкі».
Дагэтуль назва гурта ў афіцыйных беларускамоўных прэс-рэлізах ды прэзэнтацыях беларускамоўных песень, у тым ліку і на «Тузіне Гітоў», пісалася як «Ляпіс Трубяцкой».
Але цяпер напісаньне вырашана было зьмяніць — на ўсёй прадукцыі, зьвязанай з беларускамоўным альбомам, напісана «Ляпіс Трубяцкі».
Прэс-аташэ гурта па Беларусі Зьміцер Безкаравайны ўдакладніў, што гэта і ёсьць афіцыйна прынятая на сёньня назва гурта ў беларускім варыянце.
Tuzin.fm. папрасіў пракамэнтаваць новае напісаньне гурта мовазнаўцу Зьмітра Саўку, суаўтара кнігі «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў»: Гэта ня моўная праблема, а гістарычна-культурніцкая.
З аднаго боку, Трубяцкія — прозьвішча расейскага баярскага роду, таму тут трэба захаваць канчатак -ой, як гэта робіцца ў дачыненьні аднатыпных прозьвішчаў, напрыклад Талстой.
Аднак Трубяцкія выводзяцца з Гедзімінавічаў, таму іх можна разглядаць як фэномэн і беларускай гісторыі ды культуры.
Такім чынам, ёсьць падстава падаваць гэтае прозьвішча ў форме, уласьцівай беларускім прыметнікавым прозьвішчам, —Трубяцкі. Канчатковае разьвязаньне залежыць ад выбару самога гурта.
Так што выходзіць, што калі «Ляпісы» адчулі сябе да канца часткай беларускай гісторыі і культуры, тады і сталі «Трубяцкімі». З чым мы іх і віншуем!