На вугальнай шахце ў заходняй частцы Турцыі адбыўся выбух, у выніку чаго загінуў прынамсі 201 чалавек. Сотні шахцёраў па-ранейшаму знаходзяцца пад заваламі.

Трагедыя адбылася на шахце ля горада Сома ў правінцыі Маніса, прыкладна за 250 км на поўдзень ад Стамбула.

Як заявіў мэр горада Маніса Джэнгіз Эргюн, высветленая на дадзены момант колькасць ахвяр можа быць не поўнай.

Мяркуецца, што ў момант выбуху пад зямлёй на глыбіні каля двух кіламетраў знаходзіліся 580 шахцёраў. Не выключана, што многім з іх удалося выратавацца.

Па словах міністра энергетыкі Турцыі Танера Йылдыза, прычынай выбуху стала кароткае замыканне.

Як заявіў міністр у інтэрв'ю турэцкаму тэлебачанню, ахвяры трагедыі загінулі з-за атручвання чадам.

Турэцкія тэлеканалы дэманструюць кадры, на якіх ратавальнікі дапамагаюць гарнякам падняцца з шахты на паверхню.

Некаторыя з іх могуць ісці самастойна, аднак большасць дастаўляюць на насілках да карэтаў хуткай дапамогі.

Тым часам канцылярыя Рэджэпа Таіпа Эрдагана абвясціла, што прэм'ер-міністр у сувязі з выбухам на шахце адмяніў запланаваны візіт у Албанію — замест гэтага Эрдаган накіруецца да месца трагедыі ў Сому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?