Пісьменніцца з Брэстчыны і аўтарка рамана пра сваю малую радзіму «Рыбін горад» Наталка Бабіна падзялілася разважаннямі пра родную мову, «людзей прапаганды» і лёс беларускай літаратуры.

Сустрэча з пісьменніцай адбылася ў межах Дзён беларускай і шведскай літаратуры ў абласной бібліятэцы імя Горкага 22 мая. Наталка Бабіна распавяла пра тое, як вучылася размаўляць па-руску, падзялілася сваім меркаваннем адносна беларускай літаратуры і чэмпіянату свету па хакеі і прызналася, што не пачувае сябе шчаслівай.

Пра мову…

«Уявіце, што ў 70-я гады ў вёсцы Заказанка я не чула ні воднага рускага слова. Ні ад каго. Я не ўмела размаўляць па-руску да сямі гадоў! А калі мне споўнілася сем гадоў, мама з татам апомніліся, што трэба ісці ў школу, а школы толькі рускія. Так мяне спехам навучылі рускай мове».

«Школа знаходзілася ў суседняй вёсцы - так здарыўся мой выхад у больш шырокі сусвет. І што я пабачыла ў гэтым сусвеце? Аказалася, што я, мае бацькі, бабуля, суседзі – мы ўсе гаворым нейкай сваёй мовай. І яна гучыць неяк так: «Мамо, прынэсы мэні пойісты». Або: «Бабо, а ты знаеш – корова в жыто зашла!» Або так: «О, дывысь ты на нього! Вын по горі ходыть, а сонця нэ бачыть». Вось яна, наша мова: «Ходыты, робыты, пыты, йісты».

«Беларуская мова гучала ў той час з радыёкропак. Адтуль я чула беларускую мову. Я ўспрымала яе таксама як блізкую, але разумела і бачыла, што гэта не тая мова, на якой гавару я».

«Беларуская літаратура добрая, але нечага ў ёй не хапае, калі па-беларуску з прысутных гаворыць 3%… Якіх тры, можа, нават, адзін. Значыць, у нечым беларуская літаратура не дацягвае. Не толькі літаратура. Загалом, як кажуць украінцы, палітыка нашай дзяржавы не накіравана на тое, каб людзі гаварылі на мове сваёй дзяржавы».

…і самавызначэнне

«Калі я стала вучыцца ў Брэсце, у нас вялікае значэнне надавалася Брэсцкай крэпасці. Мы ведалі гераічную абарону Брэсцкай крэпасці літаральна па гадзінах. Але пры гэтым у мяне ўзнікала пытанне. Ну добра, сапраўды гераічная абарона, людзі сапраўды праявілі гераізм, але ж гэта былі савецкія салдаты, якія прыехалі сюды ў 39-м. Чаму ўся гісторыя Брэста зводзіцца толькі да гісторыі крэпасці? А што тут было да гэтага? А што рабілі мае бабулі і дзядулі ў гэты час? Адказаў не было».

Аднойчы я выпадкова адчыніла «Кобзар» Тараса Шаўчэнкі і, не ведаючы ўкраінскай арфаграфіі, таго, як выглядаюць украінскія літары, пачала разглядаць і разбірацца. І вось я пачала гэта чытаць, разбіраючы па літарах: «Реве та стогне Дніпр широкий…» І тут раптам мяне нібы нехта пхнуў у плечы. Я зразумела: «Божа ж мой, гэтыя радкі напісаныя на той мове, на якой мы гаворым! Значыць, мы гаворым па-ўкраінску? Значыць, мы не насельніцтва другога гатунку, якое здольнае толькі працаваць у калгасах і якое трэба вучыць на чужой мове! Значыць, за намі вялізная культура і такі геній, як Шаўчэнка!»

Пра пісьменніцтва

«Калі б я не адкрыла тады «Кобзар» – я ўпэўнена гэта кажу: я не ведаю, ці была б я пісьменніцай зараз, але што я была б тыповым рускамоўным чалавекам з тыповым уяўленнем, што Расія – гэта маё, што ў мяне няма больш нічога за душой – гэта адназначна».

«Я, што б ні пісала – ці то раман, ці то апавяданне: на гэтай старонцы я не ведаю, што будзе на наступнай. Героі неяк самі распараджаюцца сваім жыццём, а я толькі запісваю. Не магу сказаць, што я іх выдумваю. Яны неяк самі сабой нараджаюцца».

«У мяне запыталіся, як я прыйшла ў літаратуру. Шчыра кажучы, я не ўпэўненая яшчэ, што я туды прыйшла, але мяркуючы па тым, што нешта зроблена, нешта выклікае цікавасць, то можа такая фраза і можа мець месца і не будзе занадта пафаснай».

Пра беларускую літаратуру і пісьменніцкія планы

«Калі беларусы не хочуць чытаць па-беларуску, то чаму беларускім пісьменнікам пісаць для гэтых чытачоў? Можа, хай для вас пішуць рускія аўтары? Калі вы рускія па душы, навошта вам беларускія аўтары? Калі вы беларусы – то чаму вы не робіце над сабой высілак, каб неяк сябе ідэнтыфікаваць як беларусы, каб цікавіцца беларускай культурай? Калі вы родам з Брэстчыны і гаворыце ўкраінскімі гаворкамі, то чаго вы не чытаеце ўкраінскія кнігі?»

«Калі мы патрэбныя, мы будзем пісаць. Калі не – зоймемся нечым іншым».

«Я думаю, што адна з задач літаратуры – гэта маўчанне. Гэта гучыць як аксюмаран, але гэта насамрэч так. Слоў развялося столькі і яны такія розныя, што губляюць вартасць. Калі ты можаш сказаць нешта такое, што замест цябе ніхто не скажа – тады кажы. Калі не – можа і не трэба?»

«Адна з заганаў беларускай літаратуры ў тым, што шмат аўтараў беларускіх любяць сябе каханых. Яны апісваюць свае перажыванні, калізіі жыццёвыя. Гэта не зусім правільна. Чытачы зараз вельмі разумныя і адукаваныя, і вельмі часта яны папросту не хочуць чытаць гэтыя рэфлексіі. Калі хто-небудзь спытае ў мяне рэцэпт паспяховай літаратуры, то адным з «інгрэдыентаў» будзе тое, што пісаць трэба не пра сябе, а пра таго героя, які можа падацца цікавым чытачу».

«Я адзначаю, што культура церпіць паразу і не ў кожнага пісьменніка ёсць моц гэтаму процістаяць. Але я буду пісаць наступны раман, пішу яго ўкраінскай і беларускай мовамі».

Пра падзямеллі і людзей прапаганды

«Усе людзі падчас свайго жыцця – калі гэта сапраўдныя людзі – яны імкнуцца ў падзямеллі, а потым імкнуцца ў нябёсы. Калі чалавек жыве на плашчыні, на плоскасці, то гэта нейкае жыццё, пазбаўленае сэнсу. Тое падзямелле, якое ёсць у рамане («Рыбін горад» – заўвага аўт.), сапраўды існуе дзеля таго, каб трымаць у напружанні, але можа варта падумаць пра іншыя падзямеллі? Пра падзямеллі нашай свядомасці, калектыўнага несвядомага?»

«Ведаеце, мне заўсёды хацелася расказаць пра людзей, якіх я бачыла ў дзяцінстве. Гэта людзі зямлі. Тыя людзі, якіх я бачу зараз – у агуле – гэта людзі прапаганды. Людзі прапаганды не хочуць ісці ў падзямеллі і не хочуць узмываць у нябесы. Яны задавальняюцца тым, што нам гавораць нашыя шматлікія прапагандысты. Гэта страшна неправільна. І калі па прачытанні гэтага раману ў некага ўзнікне жаданне занурыцца ў свае асабістыя нацыянальныя падзямеллі, падняцца ў свае асабістыя нацыянальныя нябёсы, то значыцца, частка маёй задумы спраўдзілася».

Пра хакей

«Мой пункт гледжання такі: для Беларусі чэмпіянат свету па хакеі – гэта факультатыўна, і ёсць шмат іншых праблем, ад палітычных, эканамічных да культурных, якім трэба надаваць увагу замест таго, каб надаваць увагу чэмпіянату свету па хакеі».

Пра няшчасце і здраду

«Я не ведаю, як вы сябе пачуваеце ў жыцці, ці ёсць у вас нейкія рэчы, якія вас палохаюць, насцярожваюць, падаюцца страшнымі, ці ваша жыццё цячэ проста роўна, спакойна і шчасліва… Я адношу сябе да тых людзей, якія не адчуваюць сябе шчаслівымі ў жыцці. Гледзячы з вышыні сваіх пражытых 48-мі гадоў на тое, як мяняецца жыццё, я, на жаль, не заўважаю, што яно мяняецца да лепшага». 

«На жаль, я не магу сказаць, што я ўпэўнена гляджу ў будучыню і я ўпэўнена ў добрай будучыні сваіх дзяцей. І прычынаў таму шмат. Пачынаючы ад нейкіх экалагічных праблем: мы паступова ператвараемся ў нацыю, засыпаную смеццем і засяроджаную на спажыванні. Мы губляем нешта сутнаснае, што робіць чалавека чалавекам».

«Адзінае, што я хачу вам пажадаць, сябры мае: не бойцеся быць сабой. Не бойцеся быць адметнымі. Не забывайце пра свае карані. Калі вы адмаўляецеся ад той мовы, на якой гаварылі вашыя бабуля і дзядуля, то гэта здрада ў адносінах да іх. Не здраджвайце!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?