Праект па стварэнні самага буйнога ў гісторыі рэнтгенаўскага касмічнага тэлескопа быў ухвалены еўрапейскім касмічным агенцтвам, паведамляе Spaceflight Now.

Спадарожнік-тэлескоп «Афіна» (ATHENA) стане касмічнай абсерваторыяй новага пакалення і будзе мець адчувальнасць і аглядальнасць у сотні разоў вышэйшую, чым сучасныя рэнтгенаўскія касмічныя тэлескопы — амерыканская абсерваторыя «Чандра» і XMM-Newton Еўрапейскага касмічнага агенцтва, паведамляе выданне. Абрэвіятура ATHENA расшыфроўваецца як Advanced Telescope for High Energy Astrophysics — «Перадавы тэлескоп для астрафізікі высокіх энергій», паведамляе РІА Новості.

Мэтай «Афіны» стане вывучэнне Сусвету ў рэнтгенаўскім дыяпазоне, які паглынаецца зямной атмасферай, што робіць немагчымымі падобныя назіранні з Зямлі. «Афіна» будзе назіраць, як галактыкі збіраліся на працягу некалькіх мільярдаў гадоў пасля Вялікага выбуху. Тэлескоп таксама прааналізуе дынаміку ўтварэння звышмасіўных чорных дзюр, удзельнічаючы ў даследаваннях экзапланет для складання больш шырокай карты касмічных структур.

Спадарожнік-тэлескоп новага пакалення будзе дасягаць 12 метраў у даўжыню і важыць каля 5 тон, а кошт яго стварэння ацэньваецца больш чым у мільярд еўра. Як чакаецца, праект будзе канчаткова зацверджаны камітэтам па навуковых праграмах Еўрапейскага касмічнага агенцтва ў 2019 і паступіць у эксплуатацыю ў 2028.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?