Частку выступу сёння, 1 ліпеня, з нагоды Дня Незалежнасці Лукашэнка зрабіў па-беларуску. Прэс-служба прыводзіць яе, і ўсю прадмову цалкам.

president.gov.by

president.gov.by

Уважаемые друзья!

Дарагiя суайчыннiкi!

Паважаныя замежныя госцi!

Семдзесят гадоў назад, у лiпенi тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года з беларускага Дома Урада быў зрынуты галоўны нацысцкi сiмвал — злавесная чорная свастыка.

Гэтыя некалькi велiчных iмгненняў адлюстравала кiнахронiка. I з той пары знакамiты кадр з толькi што вызваленага Мiнска стаў адным з яркiх сiмвалаў краху нацызму.

У той далёкi дзень сталiца нашай Радзiмы стала вольнай. I глыбока сiмвалiчна, што менавiта трэцяга лiпеня з’яўляецца галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь.

Прыняўшы на рэферэндуме такое рашэнне, беларускi народ аднавiў сувязь часоў. Уся наша нацыя схiлiлася ў паклоне ўдзячнасцi перад велiчным подзвiгам герояў, якiя вызвалiлi родную зямлю.

Фармальна гiтлераўцы акупiравалi тэрыторыю Беларусi. Але паставiць беларусаў на каленi яны не змаглi.

Супрацiўленне стала сапраўды ўсенародным. Пяць тысяч партызанскiх атрадаў, паўтара мiльёна франтавiкоў–беларусаў змагалiся з ворагам.

У вогнiшчы вайны згарэла жыццё кожнага трэцяга нашага суайчыннiка.

Былi разбураны больш за дзвесце гарадоў. Знiшчаны амаль дзесяць тысяч вёсак i пасёлкаў. Сотнi з iх спалены разам з людзьмi.

Акупанты ўстроiлi на беларускай зямлi страшны канвеер смерцi, стварыўшы дзвесце шэсцьдзясят канцэнтрацыйных лагераў i сто дзесяць гета.

Забываць пра гэта нельга!

Памяць — гэта трывожны звон Гiсторыi.

Ён папярэджвае сусвет, што любая вайна — гэта вар’яцтва.

Ён папярэджвае, што нi адна мэта не варта чалавечага жыцця.

Ён папярэджвае, што любога агрэсара рана цi позна спасцiгне ганебны крах.

Сёння мы аддаём данiну пашаны ўсiм загiнуўшым — героям–вызвалiцелям i бязвiнным ахвярам той крывавай бойнi. Мы памятаем i ганарымся подзвiгам пакалення Пераможцаў.

I мы абяцаем, што Нашу Перамогу мы нiкому не аддадзiм!

Барацьба з фашызмам выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару — патрыятызм, свабодалюбства i стойкасць. Тое, што нам заўсёды дапамагала пера­адольваць любыя цяжкасцi.

Вайна пакiнула глыбокi след у генетычнай памяцi беларускай нацыi. З неверагоднай сiлай уплавiла ў душу кожнага з нас непрыняцце гвалту. Таму мы, як нiхто iншы ў свеце, цэнiм магчымасць жыць без страху i гадаваць нашых дзяцей.

Наша вернасць памяцi аб той вялiкай вайне — гэта не проста данiна савецкаму мiнуламу. Менавiта там, у агнi народнага супрацiўлення па–сапраўднаму ўмацавалася тое пачуццё адзiнства, якое i стварае нацыю.

Народны паэт Беларусi Пiмен Панчанка сказаў пра сваю вайну:

«Нас адным снарадам забiвала,
Руская жанчына бiнтавала
У санбаце нас адным бiнтом…
З той пары раднi у нас багата
Крэўнай, партызанскай, франтавой».

А я дадаў бы да слоў паэта i такое ўдакладненне. Беларускую свабоду i незалежнасць сённяшняга дня адстойвалi беларус i рускi, украiнец i грузiн, азербайджанец i армянiн… Усе ў партызанскiм i франтавым страi былi ў згоде ў барацьбе з фашызмам, жылi з разуменнем i асэнсаваннем сваёй еднасцi. Гэтаму спрыяла адвечная людскасць народа Беларусi. Нездарма у нас спрадвеку казалi: «Дзе няма згоды, там няма ладу».

Свой дабрабыт наш народ збiрае i развiвае ў агульнаграмадскай згодзе, у прыхiльнасцi i павазе да ўсяго свету. Вiдаць, таму так i ўтульна ў нашай багатай на нацыянальную культуру краiне дзяржаўным мовам, на якiх гавораць беларусы. Аснова паразумення з суседзямi i светам — у нашай ваеннай гiсторыi.

Гэтае адзiнства выратавала нас у ваенны перыяд. Яно дало нам мудрасць i моц ужо ў новы час пабудаваць незалежную Беларусь. I мы павiнны захоўваць яго i памятаць: кожны, хто замахваецца на адзiнства нацыi, — вораг Беларусi!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0