РУП «Белпошта» ў Мінску адкрыла спецыяльны пункт па выдачы міжнародных паштовых адпраўленняў, які размясціўся на вуліцы Адзінцова, 36/1.

Аб гэтым паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белпошта» Таццяна Гвоздзева.

Паводле яе слоў, у пункце будуць выдавацца міжнародныя пасылкі і дробныя пакеты, якія паступаюць на адрасы, што знаходзяцца ў зоне абслугоўвання 55-га, 17-га і 136-га сталічных аддзяленняў паштовай сувязі. «Адкрыццё пунктаў па выдачы міжнародных паштовых адпраўленняў дасць магчымасць павысіць якасць абслугоўвання кліентаў у аддзяленнях паштовай сувязі, даступнасць паштовых паслуг, стварыць камфортныя ўмовы пры атрыманні паштовых адпраўленняў, што асабліва важна і актуальна з развіццём рынку дыстанцыйнага гандлю, ростам аб'ёмаў міжнародных адпраўленняў», — падкрэсліла яна.

Пункт аснашчаны ўсімі неабходнымі тэхнічнымі і праграмнымі сродкамі. Распрацаванае спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для ўліку і фіксавання месца размяшчэння паштовых адпраўленняў на стэлажах дае магчымасць ажыццяўляць працэс выдачы паштовых адпраўленняў адрасату за некалькі мінут. «Вывучыўшы меркаванне кліентаў, для зручнасці насельніцтва пункт па выдачы міжнародных паштовых адпраўленняў будзе працаваць штодзень: панядзелак — пятніца — з 8.00 да 22.00, субота, нядзеля — з 9.00 да 20.00», — адзначыла Таццяна Гвоздзева.

Паводле слоў спецыяліста, да канца года ў Мінску плануецца адкрыць яшчэ тры такія пункты. Наступны пункт па выдачы міжнародных паштовых адпраўленняў адкрыецца ў бліжэйшы час у мікрараёне Уручча. «Белпошта» звяртае ўвагу кліентаў на тое, каб яны ўважліва чыталі атрыманыя паведамленні на паштовыя адпраўленні — у іх пазначаны адрас выдачы», — папярэдзіла Таццяна Гвоздзева.

У сваю чаргу вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю «Белпошта» Алена Арлова сказала, што з мэтай павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва кампанія праводзіць штомесячныя акцыі «Бліжэй да кліента». Спецыялісты прадпрыемства вучаць наведвальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі карыстацца плацежна-даведачнымі тэрміналамі. «Такім чынам прыцягваецца ўвага насельніцтва да сучасных спосабаў аплаты плацяжоў, што дае магчымасць кліентам сэканоміць іх час. З дапамогай плацежных тэрміналаў кліент можа аплаціць паслугі ў рэжыме online і без камісіі: камунальныя паслугі любога населенага пункта краіны, гарадскую тэлефонную сувязь, рахункі мабільных тэлефонаў, інтэрнэт-правайдараў, падаткі і штрафы ДАІ, аформіць падпіску на перыядычныя выданні, пагасіць банкаўскія крэдыты і іншыя паслугі», — растлумачыла Алена Арлова. Для зручнасці кліентаў на экране размешчана пакрокавая інструкцыя па ўнясенні плацяжоў. Аплаціць паслугі можна банкаўскай пластыкавай карткай або наяўнымі грашыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?