Маскоўскі гарадскі суд 4 жніўня прызнаў законным рашэнне аб прадаўжэнні да 14 ліпеня тэрміну хатняга арышту былому генеральнаму дырэктару «Уралкалія» Уладзіславу Баўмгертнеру, які абвінавачваецца ў злоўжыванні паўнамоцтвамі, паведамляе РАПСІ

Гэтым разам суд працягнуў меру стрымання ўжо да 14 кастрычніка, да гэтага ж часу прадоўжаны тэрмін следства. 

Такім чынам, суд адхіліў скаргу адваката Баўмгертнера, які прасіў адмяніць рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну хатняга арышту.

Сам Баўмгертнер на пасяджэнне дастаўлены не быў, ён прасіў разгледзець скаргу без яго. 

Нагадаем, раней абвінавачваны прасіў змяніць яму меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі, а адвакат Баўмгертнера гатовы быў унесці за яго залог у 15 мільёнаў рублёў. Адвакат таксама прасіў суд павялічыць працягласць штодзённых прагулак яго падабароннаму з дзвюх да трох гадзін. Усе гэтыя просьбы суд адхіліў. 

Гендырэктар ААТ «Уралкалій», старшыня наглядальнага савета беларуска-расійскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску 26 жніўня 2013 года. 

Яго арышту папярэднічаў беларуска-расійскі калійны канфлікт, які пачаўся ў канцы ліпеня мінулага года пасля таго, як «Уралкалій» абвясціў аб спыненні продажаў праз сумеснае з Беларуссю ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Праз гэтага трэйдара ажыццяўлялі продажы і «Уралкалій», і дзяржпрадпрыемства «Беларуськалій». Пры гэтым абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў няўзгодненых продажах у абход БКК. 

Першапачаткова Баўмгертнера абвінавацілі ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачванне было дапоўнена крадзяжом. У лістападзе бізнесмена дэпартавалі ў Расію, дзе ў дачыненні да яго таксама распачата крымінальная справа. Увесь гэты час Баўмгертнер знаходзіцца ў Маскве пад хатнім арыштам. 

У снежні мінулага года Дзмітрый Осіпаў змяніў Баўмгертнера на пасадзе гендырэктара «Уралкалія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?