Днямi Праграма развiцця ААН апублiкавала Справаздачу аб развiццi чалавека за 2007—2008 гады. Дакумент прысвечаны праблеме змянення клiмату на планеце. «Глабальнае пацяпленне ўжо адбываецца. Тэмпература на планеце ў сярэднiм павысiлася на 0,7 градуса па Цэльсiю з пачатку прамысловай эпохi — i тэмпы яе павышэння маюць тэндэнцыю да паскарэння», — гаворыцца ў дакуменце.

Аўтары Справаздачы адзначаюць: навуковымi даследаваннямi цвёрда вызначана, што гэтае павышэнне абумоўлена ростам канцэнтрацыi парнiковых газаў у атмасферы Зямлi.

«Ужо сёння многiя бедныя людзi свету i найбольш безабаронныя экалагiчныя сiстэмы вымушаны адаптавацца да згубных клiматычных зменаў. Аднак пераадоленне парога тэмпературнага павышэння ў 2 градусы рэзка павялiчвае рызыку шырокамаштабнага адкату ў развiццi чалавека i незваротных экалагiчных катастроф».

Выконваючы абавязкi прадстаўнiка ПРААН у рэспубліцы Леван Буадзэ адзначыў, што Беларусь робiць вельмi сцiплы «ўклад» у справу» павелiчэння выкiдаў. У той жа час шэраг iншых краiн мае «недастаткова палiтычнай волi», каб пайсцi на значнае абмежаванне выкiдаў у атмасферу парнiковых газаў. На думку Левана Буадзэ, гэта тлумачыцца эканамiчнымi прычынамi. У выпадку прыняцця рашэння аб скарачэннi выкiдаў у атмасферу краiны павiнны будуць мадэрнiзаваць эканомiкi. Гэта, у сваю чаргу, пацягне значныя выдаткi.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента гiдраметэаралогii Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Марыi Гермянчук, асаблiвасцю змянення клiмату ў апошнiя дзесяцiгоддзi з’яўляецца павелiчэнне «экстрэмальных з’яў надвор’я». У Беларусi штогод фiксуецца ад 6 да 30 такiх з’яў.

«Гэта моцныя вятры, вялiкiя ападкi, паводкi ў некаторыя гады, засухi...»

Марыя Гермянчук дадала, што паводле даследаванняў айчынных навукоўцаў, з пачатку iндустрыяльнага перыяду тэмпература ў Беларусi павялiчылася на 1 градус па Цэльсiю.

«Такiм чынам, мы маем некаторыя адрозненнi ад сусветнай тэндэнцыi».

«Нашы галiны эканомiкi павiнны быць гатовыя да зменаў. І не толькi да экстрэмальнасцi, але i да пастаяннага павышэння тэмпературы. Папярэднiя даследаваннi паказваюць, што ўжо заўважаныя некаторыя змены ў аграклiматычным дзяленнi краiны. З’яўляецца новая аграклiматычная зона, якая характарызуецца больш спрыяльнымi ўмовамi для вядзення сельскай гаспадаркi. Такая зона характэрная для паўночнай i цэнтральнай частак Украiны».

Сяргей Кузняцоў, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0