У Беларусі распрацоўваецца план мерапрыемстваў па развіцці веласіпеднага руху на 2015—2016 гады, паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута транспарту «Транстэхніка» Павел Бажанаў 16 верасня ў Мінску падчас дыскусіі на тэму арганізацыі гарадской прасторы і транспарту.
Паводле яго слоў, план прадугледжвае, у першую чаргу, развіццё веласіпеднай інфраструктуры, уключаючы стварэнне веладарожак, велакафэ, месцаў навучання яздзе на веласіпедзе, а таксама велакемпінгаў і іншых аб'ектаў, неабходных для далёкіх паездак веласіпедыстаў.
Важнай часткай плана, паводле меркавання Бажанава, з'яўляюцца мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі веласіпедыстаў. «Сёння, на жаль, вадзіцелі аўтамабіляў не заўважаюць веласіпедыстаў», — адзначыў ён.
Акрамя таго, планам прадугледжваецца вырашэнне арганізацыйных пытанняў (інфармаванне насельніцтва, распрацоўка веламаршрутаў і г.д.) і праца па папулярызацыі веласіпедаў сярод грамадзян.
Паводле слоў намесніка гендырэктара, план мерапрыемстваў распрацоўваецца для ўсёй рэспублікі, а затым будзе распаўсюджаны на рэгіёны.
БелНДІТ прымае прапановы ад грамадзян па развіцці веларуху.