Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў на сваёй старонцы ў Facebook прадставіў канцэпт будучай рэформы Міністэрства ўнутраных спраў у выглядзе відэароліка.
Паводле яго слоў, перад унясеннем праекта на разгляд Кабінета міністраў трэба будзе яшчэ шмат чаго дапрацаваць, таму ён папрасіў чытачоў агучваць свае заўвагі.
Згодна з канцэптам, МУС чакае шэраг радыкальных зменаў. Першая з іх — міліцыя будзе пераназваная ў паліцыю.
Авакаў адзначыў, што такое рашэнне было прынята пасля таго, як Вярхоўная рада дазволіла ствараць атрады «народнай міліцыі» у асобных рэгіёнах Данбаса.
«Міліцыя з'яўляецца рудыментам савецкай эпохі і азначае «узброенае народнае апалчэнне». Затое паліцыя — гэта прафесійны дзяржаўны орган, закліканы забяспечыць правапарадак, пазбягаючы карных функцый», — гаворыцца ў роліку.
Абноўленае МУС будзе займацца праваахоўнай дзейнасцю, абаронай канстытуцыйнага ладу і тэрабаронай, міграцыйнай дзейнасцю, аховай дзяржмяжы, выратавальнай справай.
Будуць ліквідаваныя такія органы як ГУБАЗ, транспартная міліцыя, ветэрынарная міліцыя, міліцыя па справах дзяцей.
Акрамя таго, будуць ліквідаваныя ўсе спецпадраздзяленні тыпу «Беркута» ці «Грыфона», а замест іх будзе створана адзінае спецпадраздзяленне накшталт амерыканскага S.W.A.T.
Усе супрацоўнікі МУС павінны прайсці пераатэстацыю па законе аб люстрацыі.