Амаль увесь аб'ём харчовых тавараў, якія сёлета экспартавала Беларусь, быў пастаўлены на расійскі рынак.

Паводле апошніх статыстычных даных аб вытворчасці, экспарце і імпарце прадукцыі, Беларусь у студзені—верасні 2014 года паставіла на расійскі рынак 98,1 тыс. ялавічыны (пры агульным экспарце гэтай прадукцыі 101 тыс. тон); 9,5 тыс. тон свініны (агульны экспарт — 9,8 тыс. тон); 87,8 тыс. тон мяса і мясапрадуктаў з птушкі (сукупны экспарт — 88,4 тыс. тон). 

Таксама ў Расію было вывезена больш за 37 тыс. тон беларускіх каўбас (амаль 98% ад усіх экспартных паставак). 

Акрамя таго, на расійскі рынак беларускія вытворцы пастаўляюць амаль увесь аб'ём экспартаванай малочнай прадукцыі. Так, у Расію ў студзені—верасні 2014 года было пастаўлена 232,5 тыс. тон малака і вяршкоў (усяго за ўказаны перыяд было вывезена 236,5 тыс. тон). 

Акрамя гэтага, у Расію было экспартавана 47,55 тыс. тон сметанковага масла беларускай вытворчасці (ўсяго экспарт гэтай прадукцыі склаў 50,15 тыс. тон). Таксама на расійскі рынак у студзені—верасні Беларусь паставіла 31,8 тыс. тон тварагу (сукупны экспарт беларускага тварагу склаў 32,3 тыс. тон). 

Нагадаем, расійскія ўлады ў лістападзе заблакіравалі пастаўкі на ўнутраны рынак шматлікіх беларускіх харчовых тавараў. У прыватнасці, Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі ў РФ малочнай і мясной прадукцыі буйных беларускіх прадпрыемстваў.

Прынятае рашэнне расійскае ведамства матывавала тым, што партыі беларускай прадукцыі не адпавядаюць нормам і патрабаванням, прадугледжаным расійскім заканадаўствам. 

Тым часам беларускія ўлады сцвярджаюць, што айчынная харчовая прадукцыя, што экспартуецца ў Расію, адпавядала заяўленай якасці.

Пры гэтым віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, выступаючы 28 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў, указваў, што беларускаму боку цяжка даказваць слушнасць у гэтым пытанні.

«Вельмі цяжка ўвесь час даказваць, што я не лысы», — вобразна выказаўся Русы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?