Пастаўкі імпартных лекавых сродкаў і медыцынскіх тавараў у Беларусь могуць цалкам спыніцца літаральна на днях. І справа зусім не ў сквапнасці імпарцёраў.

Цэнаўтварэнне на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку рэгулюецца Указам прэзідэнта №366 ад 11 жніўня 2005 года. У прыватнасці, памер аптовай надбавкі, якую імпарцёры могуць ужыць да ўвезеных тавараў, абмяжоўваецца для лекавых сродкаў 2—11%, для тавараў медычнага прызначэння — 5—13%.

Такім чынам, імпарцёр лекаў, закупіўшы тавар за мяжой на 1000 долараў, зможа прадаць яго у Беларусі не больш як за 12,1 млн. рублей. І гэта толькі ў тым выпадку, калі размова ідзе пра самыя танныя лекі, з імпартным коштам да 5 даляраў за адзінку тавара, што дазволіць ужыць максімальную надбаўку 11%.

Прадаўшы тавар і атрымаўшы грошы ад кліентаў, імпарцёр пойдзе на біржу, каб купіць валюту для разліку з пастаўшчыком. За гэтыя 12,1 млн. рублей ён зможа купіць менш за 854 долары. Такім чынам, чыстая страта на такой імпартнай аперацыі нават пры максімальнай гуртовай надбаўцы складзе 15% ад сумы закупкі. Пры гэтым мы не бярэм у разлік іншыя звычайныя расходы, якія ўзнікаюць пры вядзенні бізнесу.

У часе фінансавага крызісу 2011 года, калі пэўны час існаваў падвойны курс валюты, імпарцёры медыцынскіх тавараў былі надзеленыя правам купляць валюту па курсе Нацбанка. Цяпер выключэнне — права набываць валюту без 30% збору — зробленае толькі для імпарту нафты і газу.

Каб не адбылося перабояў з пастаўкамі медыцынскай прадукцыі, улады могуць прыняць адно з двух рашэнняў. Або ўнесці змены ва ўказ прэзідэнта, які рэгулюе парадак разліку разлікова-адпускной цаны медыцынскага імпарту (дазволіць уключаць у яе 30-працэнтную камісію), або зрабіць такое ж выключэнне для імпарцёраў лекаў і медыцынскіх тавараў, якое зроблена для імпарцёраў энергарэсурсаў. Інакш імпарт лекаў і медтэхнікі можа спыніцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?