Вы калі-небудзь бачылі на вуліцах горада танцуючых рабінаў? 21 снежня мінчукі маглі назіраць такую карціну.
Уся справа ў тым, што ў гэты дзень габрэі беларускай сталіцы сталі ўдзельнікамі цырымоніі, якой не было ў Мінску практычна сто гадоў. У сінагогу па вул. Даўмана, 13б ўнеслі новую Тору.
Тора - гэта Пяцікніжжа Майсея, напісанае на іўрыце, у выглядзе дакладнай копіі скрутка, які, як лічыцца ў іудаізме, уручыў Майсею бог на гары Сінай.
У скрутку, які прыехаў у Мінск, былі 92 недапісаныя літары. І ўсе габрэйскія мужчыны, якія прыйшлі ў той вечар, змаглі выканаць вялікі запавет напісання Торы.
«Мне аказалі гонар напісаць літару «фей» у новым скрутку Торы ў сінагозе на Даўмана. Такім чынам я выканаў адзін з 613 запаветаў габрэйскага мужчыны. Унясенне новай Торы — вялікае свята. Скрутак служыць практычна бясконца, стагоддзямі, яго пастаянна рэстаўруюць. Знаходзяць скруткі, якім 5000 гадоў», - напісаў у сябе ў фэйсбуку заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер.