У апошнія дні адзін з самых цяжкіх пацыентаў Краматорскай дзіцячай бальніцы (Данецкая вобласць) — 3-гадовы Клім. За гэты тыдзень малы паспеў перанесці тое, што пад сілу не кожнаму даросламу.

Вельмі жорсткі абстрэл, здавалася б, мірнага горада 10 лютага застаў хлопчыка з мамай за некалькі крокаў ад пад'езда. Жанчына пабегла па яго ў дзіцячы сад, як толькі пачула першыя выбухі. У садку згадваюць: пераконвалі Сашу Кліменка перачакаць абстрэлы ў іх, але яна рвалася дадому — у кватэры быў адзін старэйшы сын.

«Саша загінула па шляху з дзіцячага садка, літаральна не дабегла да дома адзін пад'езд, — распавяла сяброўка сям'і Кліменка Наталля Ступак.

— Яна павалілася на зямлю і накрыла сабой дзіця, толькі дзякуючы гэтаму яно выжыла. У Сашы засталося двое дзяцей: Кліму — 3 гады, Савелію — 6 гадоў».

Цяпер за жыццё маленькага Кліма змагаюцца дактары. Медыкі кажуць: калі б дзіця не даставілі ў бальніцу так хутка, яно магло б памерці ад страты крыві, на рахунку была кожная секунда. На шчасце, малога ў акно ўбачыла суседка

— дзіця крычала і спрабавала выпаўзці з-пад мамы.

Тады жанчына разам з мужам пабеглі ўніз, селі ў машыну і разам з маленькім Клімам паімчалі ў бальніцу.

«Асколкамі дзіцяці раздрабніла абедзве нагі і руку, - распавядаюць медыкі. — Стан стабільна цяжкі, хлопчык у рэанімацыі».

Сябры сям'і дадаюць: траўмы малога дактары для разумення параўноўваюць з укусам акулы — разарваныя мяккія тканіны, сухажыллі, звязкі, прыйшлося перасаджваць скуру… Пра аднаўленне костак гаворка пакуль нават не ідзе, медыкі працуюць над мяккімі тканінамі.

Цяпер пад дзвярыма палаты добрых вестак чакаюць тата і бабуля Кліма. Але прагнозаў медыкі не робяць.

Кажуць, не выключана, што ставіць на ногі хлопчыка трэба будзе за мяжой. Але аб тым, каб транспартаваць яго, гаворка пакуль не ідзе.

Хлопчыка цяпер нельга нават апранаць — ёсць рызыка, што чужая скура не прыжывецца. Сваякоў медыкі рыхтуюць да доўгага працэсу рэабілітацыі. Ён можа заняць многія месяцы, а то і гады.

Але вось ці будзе Клім хадзіць, ніхто не ведае.

Жадаючыя аказаць пасільную дапамогу могуць пералічыць грошы на рахунак бацькі Кліма, Аляксандра Кліменка: 5168 7420 2308 4688 (карта «Прыват-банка»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?