Cакрэтамі беларускага летазлічэння спадарыня Святлана падзялілася з карэспандэнтам «Нашай Нівы».

Качэўнікі сачылі Месяц, земляробы — Сонца

«Летазлічэнне — нібы сетка, сплеценая з традыцый, якой ловяць час, —

вобразна кажа спадарыня Святлана. — І кожны народ выпрацоўвае ўласную сістэму лічэння часу. Яна можа многае сказаць аб гісторыі, культуры, нават аб месцы пражывання народа. Качэўнікі карысталіся месячным календаром, для іх не так важныя былі сезонныя змены, земляробы сачылі за сонцам — ад яго стану залежаў пачатак палявых работ. Старажытныя грэкі пунктам адліку ўзялі Алімпійскія гульні, а рымляне — эру ад заснавання горада».

Ёсць і беларускі час,

пэўная прафесар Куль-Сяльверстава. «Нашая сістэма летазлічэння ўвабрала ў сябе вопыт некалькіх народаў і некалькіх тысячагоддзяў. У ёй пагадзіліся і перапрацаваліся элементы іншых сістэм, да іх дадаўся ўласна беларускі вопыт, уласнае пачуцце часу.

Напрыклад, для беларуса сёння будзе мець канкрэтную часовую прывязку выраз «пасля вайны», або «пры Польшчы» (для Заходняй Беларусі). Гэтае побытавае акрэсленне часу адрознівае нас ад суседзяў — у нас уласная гісторыя, і вехі на ёй, якія засталіся ў гістарычнай памяці».

 

Беларусы рана сталі «свецкімі»

Беларуская сістэма лічэння часу мела свае асаблівасці і пяцьсот гадоў таму.

«Наш каляндар рана зрабіўся свецкім. У суседняй Польшчы-Кароне да канца XVIII ст. у актавых дакументах пазначалася дата літургічнага календару — рэлігійнае свята ці прысвятак. Беларусы — поліканфесійны народ, і каб не выбіраць літургічны каляндар, у нас проста пісалі лічбамі год, месяц і дзень. Другая асаблівасць — да сярэдзіны XVI ст. побач з эрай ад Раства Хрыстовага, якая была ўспрынятая з каталіцкай Еўропы, нашыя продкі вялі адлік візантыйскімі адзінкамі — індыктамі. Нумар года ад РХ і нумар індыкта былі ўзаемаўзгодненыя.

Такога спалучэння дзвюх сістэм — праваслаўнай і каталіцкай — у адной даце больш нідзе не сустракаецца».

Сістэма вымярэння часу — гэта нашая нацыянальная каштоўнасць,

пэўная Куль-Сяльверстава: «Аб нашым хрысціянстве скажа эра, якую мы выкарыстоўваем з XIV ст., аб працавітасці беларусаў і іх талерантнасці - назвы дзён тыдня: аб еднасці з прыродай, уменні яе слухаць і паважаць — назвы месяцаў. А назвы і час найбольш любімых беларусамі святаў сведчаць аб трываласці старажытных паганскіх традыцый і генезісе нашага народу».

 

Чаму Грунвальд быў не 15-га, а 24-га

Выступаючы на леташнім Кангрэсе беларусістыкі ў Коўне, прафесар звярнула ўвагу на тое, што даты нашай даўняй гісторыі чым далей, тым больш аддаляюцца. Чым гэта выклікана?

«Ад 1582 г. (між іншым, аднымі з першых у свеце) беларусы пачалі карыстацца грыгарыянскім календаром, больш дакладным у адносінах да памеру сонечнага (Трапічнага) году, чым юліянскі, якім карысталіся раней. Грыгарыянскі мае іншую сістэму акрэслення высакосных дзён, ён рухаецца хутчэй за юліянскі. Гэта як два мінакі — яны аддаляюцца ад акрэсленага пункту (у дадзеным выпадку — Нікейскага збору 325 г., на якім быў кананізаваны юліянскі каляндар) з рознай хуткасцю. Што чатыры стагоддзі розніца паміж календарамі вырастае на тры дні.

У час Грунвальдскай бітвы юліянскі каляндар ужо адставаў ад сонечнага года на 9 дзён. Для тых, хто карыстаецца юліянскім каляндаром дагэтуль (РПЦ), шэсць соцен гадоў ад дня Грунвальдскай бітвы мінула 15 ліпеня 2010 г., а ў рэальнасці — 24 ліпеня.

У заходняй навуцы існуюць дамоўленасці, калі святкаваць канкрэтна пазначаную ў крыніцах дату, не зважаючы на розніцу ў календарах. У нашай гісторыі да такіх адносяцца згаданая ўжо Грунвальдская бітва, бітва пад Оршай іншыя буйныя падзеі нашай гісторыі. А ёсць і відавочныя памылкі — іх трэба выпраўляць».

 

«Парсючок разабраны, гарэлка стыне»

У якасці прыкладу такой памылкі прафесар расказала, як да юбілею аднаго з беларускіх гарадоў яе папрасілі акрэсліць дату яго першай згадкі ў Метрыцы ВКЛ: «Я вылічыла. Аказалася, што горад на 45 гадоў старэйшы, і дата зусім не круглая. Нікому і нідзе гэтыя вылічэнні не паказалі, бо «парсючок ужо разабраны і гарэлка стыне». А быў бы гонар для горада — амаль на поўстагоддзя састарэць».

Куль-Сяльверстава пэўная, што неабходна зрабіць рэвізію многіх дат нашай гісторыі, перш за ўсё, гісторыі старажытнай:

«Ёсць новыя методыкі акрэслення дат па ўскосных прыкметах, новыя крыніцы ўведзеныя ва ўжытак. Але я пакуль адна б’юся, калегі рэдка звяртаюць на гэты аспект увагу».

 

Па расійскіх методыках

Галоўнай праблемай у вывучэнні «беларускага часу» яна лічаць занядбанасць.

«Сёння толькі я ды мая маладая вучаніца гэтым займаемся. У тыпавой праграме па спецыяльных гістарычных дысцыплінах храналогія займае сціплае месца. Нашых падручнікаў па ёй няма (не лічачы практыкум, які я выдала пару гадоў таму), вучаць па расійскіх, а іх сістэма летазлічэння моцна адрознівалася ад нашай, і методыкі расійскія не ўсе падыходзяць для нашых дат.

Але ёсць і іншы, глыбінны аспект — праблема нашай гістарычнай памяці.

У нас пакуль не склаўся нацыянальны каляндар святых для беларусаў дат. Што ў яго ўпісваць? Бітву пад Грунвальдам? Заснаванне БНР? А можа, бітву на Бярэзіне? Кастрычніцкую рэвалюцыю?

Фармаванне такога календара, свайго «беларускага часу» — задача надзвычай важная. На ім грунтуецца нашая тоеснасць і самапавага».

 

Першы гадзіннік у ВКЛ

Як жа нашы продкі мералі час? Чым карысталіся? «Польская даследчыца Асоўская адзначыла, што аб пачатку фармавання буржуазіі можна гаварыць з таго дня, калі пачынаюць сачыць за гадзінамі, а не толькі за днямі, калі на вежах з’яўляюцца гадзіннікі, — лічыць спадарыня Святлана. —

Мая навуковая інтуіцыя падказвае, што першы гадзіннік павінен быў з’явіцца ў нас не пазней за пачатак XV ст., у часы Вітаўта. У 1390 Ягайла зладзіў першы гадзіннік у Кракаве. Нашыя не маглі быць горшымі за Карону.

Ратушныя гадзіннікі акрэслівалі час месцічаў вялікіх гарадоў, а з XVII ст. з’явіліся кішэнныя.

Але то ў горадзе. Сяляне ж выкарыстоўвалі літургічны каляндар, «прыпраўлены» паганскімі традыцыямі. Для селяніна пры натуральнай гаспадарцы не так важна было сачыць за часам — усё было размерана стагоддзямі. Наш сёняшні народны каляндар, складзены этнографамі, — менавіта той, што ўжывалі спрадвек у беларускай вёсцы».

 

Жыццё ў выгнанні

У канцы 2014 са Святланай Куль-Сяльверставай, як і іншым гісторыкам-патрыётам, не быў працягнуты кантракт у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.

Прафесар адразу знайшла кафедру ў Беластоцкай палітэхніцы. Як там працуецца? «Уладкавалася я добра, Беласток па рытме жыцця падобны на Гродна, тым болей, ёсць магчымасць часта прыязджаць дадому. Выкладаю курсы, якія звязаныя з яшчэ двумя маімі спецыяльнасцямі ( я ж не толькі гісторык) - гісторыю сусветнага мастацтва і архітэктуры і два невялікіх курса па турыстыцы. Ёсць магчымасць пісаць, бо вучэбная нагрузка невялікая, а навуковая дзейнасць вітаецца і падтрымліваецца. Беларусы ёсць, і параўнальна многа - у гэтым годзе на турыстыцы 6 чалавек, дзясятая частка ад курса. З Гродна і Мінска».

Паміж працоўнымі клопатамі знаходзіцца час для вершаў:

«Гатовая другая кніга паэзіі. Спадзяюся вясной выдаць.

А па гісторыі - зацікавіла тэма гадзін і гадзіннікаў. А мара - напісаць кнігу па беларускай гістарычнай метралогіі і пасля скласці ў адзінае ўсе тры мае працы - кнігі па палеаграфіі, храналогіі і метралогіі Беларусі. Гэта будзе, напэўна, подзьвіг. Але чаму не памарыць?»

 

* * *

Прэзентацыя кнігі Святланы Куль-Сяльверставай

«Беларускі час. Летазлічэнне ў Беларусі са старажытнасці да сучаснасці» адбудзецца ў Мінску 19 лютага ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (Маркса, 30). Пачатак а 18.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0