Шахта імені Засядзькі — самая небяспечная для працы

Шахта імені Засядзькі — самая небяспечная для працы

Прэзідэнт Пятро Парашэнка абвясціў 5 сакавіка днём жалобы ў сувязі з трагічнай гібеллю шахцёраў у выніку аварыі, якая адбылася ў сераду на данецкай шахце імені Засядзькі.

Як паведамляе сайт прэзідэнта Украіны, у дзень жалобы на ўсёй тэрыторыі Украіны апоўдні памяць загінулых ушануюць хвілінай маўчання. Па ўсёй краіне будзе прыспушчаны дзяржаўны сцяг Украіны на будынках і збудаваннях органаў дзяржаўнай улады.

Колькасць ахвяр выбуху на шахце імя Засядзькі, па дадзеных прэс-службы Данецкай аблдзяржадміністрацыі, складае 33 чалавекі.

«На Засядзькі ў Данецку знойдзены целы яшчэ 23 гарнякоў. 7 з іх паднялі. Раней выявілі яшчэ 9 тэл плюс адзін загінуў раніцай. Усяго загінулых — 33 чалавекі», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Данецкай АДА ў «Твітары».

У той жа час прэс-служба МНС самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» заяўляе, што на дадзены момант знойдзены целы 23 загінулых, а лёс яшчэ дзевяці шахцёраў застаецца невядомым.

Па дадзеных сепаратыстаў, выбух адбыўся ў 5-й раніцы ў сераду, прычынай аварыі стаў выбух газапаветранай сумесі з-за выкіду метану.

У момант выбуху ў шахце знаходзіліся 230 чалавек.

Кіраўнік Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны Міхаіл Валынец заявіў, што ў сепаратысцкіх уладаў у Данецку зараз недастаткова рэсурсаў для правядзення паўнавартаснай выратавальнай аперацыі.

У мінулым менавіта на шахце імя Засядзькі адбылася самая буйная катастрофа ў гісторыі Данбаса - 18 лістапада 2007 года з-за выбуху ў ёй загінуў 101 шахцёр.

Усяго з 1999 года на гэтай шахце ў катастрофах загінулі больш за 230 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?