Урад Беларусі зацвердзіў новы бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна‑дэмаграфічных групах у цэнах снежня 2007 года. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 139 ад 31 студзеня, паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

З 1 лютага 2008 года БМП складае ў сярэднім на душу насельніцтва 200 тыс. 80 рублёў, для працаздольнага насельніцтва — 221 тыс. 420 рублёў, для пенсіянераў — 176 тыс. 650 рублёў, для студэнтаў — 210 тыс. 860 рублёў, для дзяцей ад 3 да 16 гадоў — 234 тыс. 810 рублёў, для дзяцей да 3 гадоў — 168 тыс. 900 рублёў.

Устаноўлена наступная структура БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах снежня 2007 года па артыкулах расходаў: прадукты харчавання — 52,4%, плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальнымі паслугамі — 15,8%, прадметы гардэробу — 15,8%, бытавыя і транспартныя паслугі — 7,5%, тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння — 3,3%, узносы і плацяжы — 3,2%.

Новы БПМ вырас на 7,8%. Гэта значыць, што на столькі ж узрастуць памеры дзяржаўных дапамог сем\’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Будуць адпаведна павялічаны памеры сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні асобным катэгорыям пенсіянераў.

Новы паказчык БПМ будзе дзейнічаць па 30 красавіка 2008 года.

БПМ, нагадаем, штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0